Ахвяраваў жыццём, шукаючы выратаванне для людзей



Другі год запар чалавецтва жыве ва ўмовах пандэміі, увесь свет змагаецца з COVID-19. Лепшыя розумы, свяцілы медыцыны знаходзяцца ў няспынных даследаваннях, каб выпрацаваць эфектыўныя лекі супраць віруса, удасканальваюць вакцыны.

Шмат давялося чуць параўнанняў сённяшняга дня з падзеямі стогадовай даўніны, калі свет ахапіла “іспанка”. Па розных падліках, тады ад агрэсіўнага грыпу памерла да 100 мільёнаў чалавек. Паралель цалкам дарэчы. Увогуле, што не стагоддзе, то Зямля сутыкаецца з вялікімі глабальнымі выклікамі, нібы чалавецтва здае нейкі іспыт. Мо на права існавання?

Сто гадоў таму панаваў не толькі іспанскі грып. На тэрыторыі Усходняй Еўропы, асабліва на знявечаных вайсковымі дзеяннямі землях Беларусі, Польшчы і Украіны, насельніцтва “касіла” шэраг цяжкіх захворванняў: тыф, халера, дызентырыя. Небяспечныя інфекцыі – гэта адно з наступстваў Першай сусветнай, грамадзянскай і савецка-польскай войнаў.

У Пінску, на старажытных гарадскіх могілках, што па вуліцы Спакойнай, ёсць пахаванне з надпісам на шыльдзе: “Доктар Васіль Васілевіч Архангельскі (1878-1919)”. Знакавае месца для ўсіх пінчан, а мясцовым медыкам варта ўзяць патранаж над магілай і час ад часу наведваць яе, як мінімум на прафесійнае свята. Архангельскі – прыклад самаахвярнасці лекара дзеля выратавання жыцця пацыента.

Пачатак ХХ стагоддзя, інфекцыйны шпіталь, здымак ілюстрацыйны.

Разам з сям’ёй Васіль Архангельскі патрапіў у горад над Пінай напачатку Першай сусветнай вайны, ён быў вайсковым лекарам. У 1914 годзе царская армія наступала, а ўжо літаральна праз год сітуацыя каардынальна змянілася, слава рускай зброі згасала. Калі нямецкія войскі занялі Пінск, доктар не пакінуў горад, працягваў выконваць свае абавязкі ў інфекцыйным шпіталі. Пазней сведкі ўзгадвалі, што, як сумленны медык, не змог пакінуць пацыентаў, дзеля іх застаўся.

Бушаваў тыф, халера. Лекаў не тое, каб не хапала, іх фактычна не было, а колькасць хворых не памяншалася. Архангельскі ўзяўся за выраб вакцыны, якая б мусіла спыніць эпідэмію. Выпрабаванні праводзіў на сабе. Адна з сумесяў апынулася несумяшчальнай з жыццём. На момант смерці меў 41 год, лёс сям’і яшчэ працяглы час быў звязаны з Пінскам. Хавалі адданага пакліканню лекара ўсім горадам.

Нельга абмінуць увагай, што дачка доктара пабралася шлюбам з неардынарным чалавекам – Фёдарам Лаўровым. Хто такі? Ён нарадзіўся ў 1899 годзе ў сям’і вайскоўца ў глыбі Расейскай імперыі. Пасля кастрычніцкага перавароту бальшавікоў юнак збег у Пінск. Дарэчы, у горадзе над Пінай знайшлі прытулак сотні расейскіх сем’яў нязгодных з рэжымам Леніна. Пінск стаў сапраўдным анклавам часткі расейскай эміграцыі. Тут яны заклалі свае прадпрыемствы, таварыствы, выдавецтвы і навучальныя ўстановы. Мірнае існаванне эмігрантаў з Расеі, як і тутэйшых жыхароў, абарвалася ўвосень 1939 года.

Пахаванне В.В. Архангельскага на праваслаўнай часцы старажытных могілак Пінска, фота аўтара.

Фёдар Лаўроў скончыў Варшаўскую Акадэмію мастацтваў і зарэкамендаваў сябе прафесійным мастаком шырокага профілю. Працаваў над афармленнем пінскага музея, стварыў вітражы для праваслаўнай святыні – Фёдараўскага сабора, праявіў талент у многіх накірунках: разьба па дрэве, скульптура, праца з металапластыкам. Між іншым займеў славу карыкатурыста.

Для штогадовага Палескага кірмашу распрацаваў рэкламна-інфармацыйны плакат і стварыў скульптуру “Паляшук з вяслом”. Праца стала сімвалам кірмашу і надоўга запомнілася пінчукам.

Амаль стагоддзе на магіле доктара стаяў драўляны крыж, а некалькі гадоў таму сваякі з Масквы паставілі каменны крыж, фота аўтара.

Кар’ера на Палессі абарвалася ў 1941 годзе. Бальшавікі назвалі Лаўрова “ворагам народа” і выслалі з сям’ёй у ГУЛАГ. Лагернае жыццё зацягнулася да канца 1940-х гадоў. Знаходжанне ў зняволенні палягчала магчымасць займацца ўлюблёнай справай – маляваў, рабіў скульптуры, адказваў за працу цэха мастацкіх промыслаў. Пасля вызвалення Лаўровы аселі ў падмаскоўі.

Унук доктара Васіля Арханельскага – Дзмітрый Фёдаравіч Лаўроў дасягнуў вялікіх поспехаў у медыцыне. Стаў вядучым маскоўскім лекарам-псіхіятрам, спецыялістам па псіхасаматычных і псіхапаталагічных расстройствах. Вось такі кругазварот.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя