Ахвяры збіцця АМАПам у Гародні аспрэчваюць затрыманні
22-гадовы гарадзенец Павел Станеўскі быў захоплены АМАПам 11-га жніўня. Тады яго збілі і разам з яго сябрам памясцілі на ноч у ізалятары турмы.
Цяпер ён абскарджваў пастанову выязнога суда, які прадстаўляла Ганна Леўсік з Ленінскага раённага суда. Яна проста ў памяшканні турмы асудзіла яго да адміністрацыйнага штрафу ў 15 базавых адзінак, ці 405 рублёў. Абласны суд у асобе суддзі Васіля Скока, прызнаў незаконнай гэтую пастанову.
Кажа заяўнік скаргі па выхадзе з памяшкання суда Павел Станеўскі:
– Мне спадабалася, што суддзя падышоў да справы аб’ектыўна. І ён абмяніў практычна пастанову ранейшага суда. Але, з улікам таго, што трэба праверыць гэтыя факты, фатаграфіі, ён накіраваў справу на дапрацоўку. То бок, мне прыйдзецца прыйсці ў суд і паўтарыць, што затрыманне мела адвольны характар. То бок, ніякіх абвінавачванняў, або тлумачэння прычын затрымання не было паведамлена. І адразу была выкарыстана фізічная сіла.
У пратаколе міліцыянты пазначылі выдуманае месца яго захопу, назваўшы гэта затрыманнем. Аказалася што ў Паўла з’явіліся доказы таго, што ён у час затрымання паводле пратакола знаходзіўся ўвогуле ў іншым месцы, дзе не было ніякіх масавых зборак людзей.
Пра жудасныя парушэнні беларускага заканадаўства АМАПам у гэтыя пасля выбарчыя дні, кажа праваабаронца Раман Юргель:
– Гэты сённяшні працэс у гарадзенскім абласным судзе паказаў тое, як дзейнічаў канвеер у гэтыя поствыбарчыя тры дні. Бо справы сфальсіфікаваныя, сфабрыкаваныя, не было ні права на абарону людзей. На прынтары раздрукоўваліся гэтыя рапарты амапаўцаў, з памылкамі, і даваліся проста на подпіс. І нават не там затрымлівалі людзей, дзе пісалі потым у рапартах і гэта выносілася судовым канвеерам у закрытым рэжыме.
Пацярпеў ад АМАПу таксама сябра Паўла, з якім той ішоў 10-га жніўня. Многія ахвяры згадваюць, што медыкі ў ізалятарах, пры зняцці пабояў, прасілі не называць амапаўцаў прычынай фізічных пашкоджанняў. Цяпер некаторыя падаюць скаргі ў пракуратуру на непрапарцыйнае ўжыванне сілы АМАПам і садыскім прыніжэннем чалавечай годнасці людзей у бусах, падчас неправамернага захопу людзей.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя