Акрываўленае свята. 9 траўня 1946 года на Піншчыне



Беларусь адзначае 75-годдзе перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Нягледзячы на пандэмію COVID-19, Менск сустракае свята з вайсковым парадам і вялікім вечаровым канцэртам. Усё ў лепшых савецкіх традыцыях, якімі не гатовая паступіцца сённяшняя ўлада нават ва ўмовах эпідэміялагічнай небяспекі.

З нагоды 9-га траўня прыгадалася гісторыя, якая адбылася роўна 74 гады таму на Піншчыне. 9-га траўня 1946 года з Лагішына, з раённага ўрачыстага мерапрыемства, вяртаўся старшыня Хвароснаўскага сельскага савета Сільвестр Харавец. Трэба ўдакладніць, што з 1940 года па 1962 год існаваў Лагішынскі раён у межах Пінскай вобласці, а цяпер ёсць Лагішынскі сельскі савет у межах Пінскага раёна. Дык вось, Харавец вяртаўся ў вёску Хваросна. Удзельнік знакавых у гісторыі вайны баёў пад Масквой, Сталінградам ды Ленінградам задумаў правесці святочны сход і ў цэнтры сельскага савета.

Па прыездзе ў Хваросна ён адразу накіраваўся ў будынак сельскага выканкама, каб падрыхтаваць памяшканне. У той момант, калі Сільвестр Харавец сеў за цэнтральны стол, дзе ляжалі ягоныя нататкі з прамовай і планам імпрэзы, у пакой увайшлі мясцовыя жыхары Мацвей Лазюк і Павел Шчарбук. Праз некалькі хвілінаў пачуліся крокі на ўваходзе. Праверыць, хто там ходзіць, выйшаў Лазюк. Адчыніўшы дзверы, вясковец пабачыў добра ўзброенага чалавека, які загадаў прайсці да старшыні сельскага савета.

Як пасля казалі сведкі, невядомы задаў Хараўцу толькі адное пытанне: “Ну, што, камуніст, агітуеш за савецкую ўладу?”. Праз імгненне пачалася бойка, пры чым старшыня першы скочыў на сапраўды “нечаканага госця”. З паказанняў Лазюка, якія запісалі чэкісты, вынікае, што бойка цягнулася некалькі хвілін, абодва качаліся па падлозе і раптам прагучаў стрэл. Харавец з акрываўленай галавой выскачыў на двор, дзе яго чакалі яшчэ невядомыя. Ўжо на вуліцы старшыня сельсавета атрымаў шэсць смяротных удараў нажом. Калі ўсё скончылася, тыя, хто напаў, збеглі ў лес. Такім было тое 9-траўня 1946 года…

Адназначна, што гэта мэтанакіраваная акцыя ўзброенага падполля па ліквідацыі прадстаўніка савецкай улады. Аналагічныя акцыі ў Пінскай вобласці ладзіліся рэгулярна з 1944 года. Трэба адзначыць, што лагішынская зона выклікала асаблівую занепакоенасць у саветаў. Мястэчка Лагішын, якое знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад Пінска, атачалі дубравы і багны. Жыхары хутароў дапамагалі непакорным. Таму тут удзельнікі антысавецкага руху трымаліся да 1950-х гадоў.

Ранейшыя публікацыі па антысавецкім руху на Палессі: «Барацьба з саветамі на Палессі ўлетку 1944 года», «Нацыяналісты лютуюць. Падзеі 75-гадовай даўніны», «Берыя Сталіну пра барацьбу з антысавецкім элементам», «Барацьба за Дняпроўска-Бугскі канал», «Як настаўніца з паплечнікамі рыхтавалася захапіць уладу», «Не арганізавалі насельніцтва супраць нацыяналістаў…», «Пралетарскай прапагандай па антысаветчыках!», «Падполле вядзе паляванне на партыйна-савецкі актыў», «Красавік 1945 года: «Мы ідэйныя барацьбіты з саветамі».

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя