Аксана Астроўская: Шукаем беларусмоўныя падручнікі і дапаможную літаратуру
Недахоп дапаможнай літаратуры, перадусім працоўных сшыткаў, па-беларуску ў Гародні вымушаюць нервавацца бацькоў, якія аддалі сваіх дзяцей пазнаваць навуку на роднай мове. Няма нават некаторых падручнікаў па-беларуску, як напрыклад, падручніка па інфарматыцы. Гэта сведчыць пра адсутнасць роўнасці „беларускіх” паводле мовы навучэнцаў з „расейскімі”. Кажа прадстаўніца бацькоўскага камітэту бацькоў-беларусаў Аксана Астроўская:
– Мае дзеці займаюцца ў шостым гімназічным класе і ў пятым, і ўжо ў пачатку года настаўнікі сталі прапаноўваць нам набываць нейкія дадатковыя сшыткі, асабліва часта просяць працоўныя сшыткі па розных прадметах. Аказалася, што я знайшла для шостага класа працоўны сшытак на беларускай мове толькі па фізіцы. А напрыклад, па такіх прадметах як біялогія, нават гісторыя Беларусі – контурныя карты былі па-беларуску, а вось працоўнага сшытка па-беларуску няма.
„Хто павінен заняцца забеспячэннем гарадзенскіх кнігарняў неабходнымі падручнікамі і працоўнымі сшыткамі па-беларуску?” – задае пытанне Аксана Астроўская ды іншыя беларускія бацькі.
Бо ў такім выпадку, дыскрымінацыя ў атрыманні якаснай адукацыі для навучэнцаў, якія пазнаюць навуку па-беларуску – навідавоку.
Беларускае Радыё Рацыя