Аксана Колб: Дасюль частка рэдакцыі працуе ў Беларусі



Складаны этап незалежнай прэсы. Новы досвед працы ў эміграцыі. Пра яго расказвае галоўная рэдактарка выдання «Новы час» Аксана Колб. Год таму, напрыканцы кастрычніка, сілавікі разграмілі рэдакцыю ў Менску, прыйшлі з вобшукамі. Раней чыноўнікі чынілі перашкоды – газету забаранілі распаўсюджваць, а пазней і друкаваць, засталася толькі онлайн версія. Аксану Колб сёлета у чэрвені асудзілі на 2,5 года «хіміі з накіраваннем». А ў ліпені прысудзілі 13 сутак адміністрацыйнага арышту, якія яна мусіла адбыць да накіравання на прымусовую працу. Галоўны рэдактар „Новага часу” летам прыняла рашэнне выехаць з Беларусі. Хаця і дагэтуль не лічыць рашэнне правільным. 

– Дасюль частка рэдакцыі працуе ў Беларусі. Частка там, у Беларусі, штодня рызыкуе, але спрабуе нешта зрабіць для нашых чытачоў. Зноў жа зараз вельмі складана атрымліваць інфармацыю знутры Беларусі, і канешне тое, што хтосьці там яшчэ застаецца трохі аблягчае гэтую справу. Там засталіся людзі самыя моцныя ў нашай рэдакцыі. Я думаю, што яны чакаюць, калі мы ўсе вернемся.

МУС 28 кастрычніка пашырыў спіс «экстрэмістаў» адразу амаль на 40%. Цяпер у ім амаль 1500 прозвішчаў. Сярод іх – журналісты: галоўны рэдактар „Новага часу” Аксана Колб ды былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў.

Беларускае Радыё Рацыя