Аксана Колб: Мы яшчэ вернемся, магчыма, у новым фармаце



Газета „Новы Час” спыняе выхад у папяровым варыянце.

Друкарня „Ролл Прынт” паведаміла, што ў сувязі з тэхнічнымі зменамі больш не будзе мець магчымасці выконваць свае абавязкі па дамове і не зможа больш нас друкаваць, – распавяла галоўная рэдактарка „Новага Часу” Аксана Колб:

– Друкарня, з якой мы супрацоўнічаем з 1999 года яшчэ, калісьці мы друкавалі там газету “Згода”, а з 2007 года друкуем газету “Новы Час”. Ліст гэты прыйшоў 27 ліпеня, акурат на Дзень незалежнасці. Увесь гэты час мы спрабавалі вырашыць пытанне з гэтай друкарняй, і магчыма знайсці іншую, але, відавочна, што ўсё гэта было марна. Таму вось такое вымушанае рашэнне – “Новы Час” спыняе пакуль што выхад папяровай версіі. Але сайт працуе, сацсеткі працуюць. Думаю, што мы зробім нешта новае яшчэ і на сайце. Прынамсі, зараз мы над гэтым думаем, каб нашым чытачам было больш зручна і больш цікава. А пакуль што рэдакцыя рыхтуе да друку апошні нумар папяровай газеты.

Гэта не катастрофа, я ўпэўненая, што мы вернемся, магчыма, гэта будзе новы фармат. І гэта ўсё дасць нейкі новы імпульс для развіцця.

РР: Якая інфармацыя даходзіць з-за кратаў ад вашых рэпрэсаваных супрацоўнікаў газеты?

Аксана Колб: Ад Дзмітрыя Дзмітрыева пакуль амаль ніякай інфармацыі не даходзіць. Ён на Акрэсціна. Мы падтрымліваем сувязь з яго жонкай. Таксама за кратамі нашыя аўтары Дзяніс Івашын і Мікола Дзядок. Але ўсе яны з моцным, сталёвым стрыжнем. Мы перажывем і яны перажывуць, і мы яшчэ пабачым, седзячы каля ракі, што там будзе плыць. Ліставання амаль няма, хоць мы пішам лісты. Але ад іх амаль нічога не прабіваецца. Я так падазраю, што і нашыя лісты амаль не перадаюць. Зноў жа мы камунікуем з бацькам Міколы і з маці Дзяніса, стараемся падтрымліваць сувязь.

Цалкам размова ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: „Новы Час”