Аксана Колб: Праўда на нашым баку
Бізнесовец Леанід Зайдэс падаў у суд на «Новы Час». Галоўная рэдактарка газеты «Новы час» Аксана Колб раніцай 5 снежня атрымала sms з суда Савецкага раёна Менска.
Яе просяць з’явіцца 17 снежня на папярэдні разгляд пазову Леаніда Зайдэса «па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды». Пакуль сам пазоў спадарыня Колб не бачыла, таму не ведае, якія менавіта прэтэнзіі ў Зайдэса. „Праўда на нашым баку,” – кажа рэдактарка «Новага часу», але да суда ў рэдакцыі ўжо рыхтуюцца.
– Паглядзім, чым гэта скончыцца. Мы рыхтуемся да працэсу, думаю, што ён будзе не вельмі лёгкі. Пазоўнікі падрыхтаваліся, думаю, значна лепш, чым раней. Але ў любым выпадку мы будзем змагацца, бо гэта ўжо абарона гонару і годнасці беларускіх незалежных СМІ. І мы павінны іх адстаяць.
«Новы час» друкаваў серыю матэрыялаў журналіста Дзяніса Івашына пра тое, каму належыць рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах. Сам Івашын sms з запрашэннем у суд пакуль не атрымліваў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БАЖ