Аксана Колб: Рэпутацыю Ізраілевіча чакае шмат выпрабаванняў
З газеты “Новы час” хочуць спагнаць праз суд 20 тысяч даляраў. Бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч падаў іск супраць газеты за шэраг публікацый аўтарства Дзяніса Івашына, прысвечаных сітуацыі вакол рэстарану “Поедем поедим”, збудаванага каля месца масавых расстрэлаў у Курапатах. На думку Ізраілевіча, публікацыі ў “Новым часе” нанеслі страту ягонай дзелавой рэпутацыі.
Наколькі абаснаваныя прэтэнзіі да газеты з боку бізнесоўца і якія перспектывы гэтай судовай справы карэспандэнт Радыё Рацыя Павел Генадзіч гутарыць з галоўнай рэдактаркай газеты “Новы час” Аксанай Колб.
– Калі па сутнасці, то Ізраілевіч кажа, што інфармацыя пра яго датычнасць да рэстарацыі “Поедем поедим” псуе яго дзелавую рэпутацыю. То-бок, ускосна Ізраілевіч прызнае, што сам факт прыналежнасці да гэтай рэстарацыі можа сапсаваць любую дзелавую рэпутацыю. Што крыху дзіўна, бо сам Ізраілевіч не адзін раз казаў, што нічога такога страшнага там не адбываецца, што гэта толькі бізнес, і што там усе яго сябры. Такі стандарны аргумент: увесь Менск на касцях. Таму я не ведаю, чаму выказванне Ізраілевіча не псуюць яго рэпутацыю, а наш артыкул, які дакументальна пацвярджае яго прыналежнасць да гэтага будаўніцтва – псуе.
РР: Ці былі папярэднія прэтэнзіі з боку Ізраілевіча да таго як вы атрымалі вось гэтую позву ў суд? Ці былі спробы вырашыць у дасудовым парадку гэта ўсё?
– Не. Не аднаго разу Ізраілевіч не тэлефанаваў ні ў рэдакцыю, ні мне. Ён камунікаваў з Аленай Анісім, якая не адзін раз падкрэслівала, што яна не мае ніякага дачынення ні да публікацыі, ні да артыкула. Але рэдакцыі ні разу ён нічога не прапаноўваў. Больш за тое, напрыклад, калі Мартынаў, які палічыў, што мы недакладна напісалі пра тое, што ён у той час быў архітэктарам кампаніі Ізраілевіча, ён нам патэлефанаваў і сказаў, што гэта недакладнасць, мы яго словы дадалі да артыкула на сайце, і прынамсі на гэтым этапе прэтэнзій Мартынава няма. Тое самае мог зрабіць Ізраілевіч адразу пасля публікацыі, сказаць, што там ні слова праўды, ці што там не ўся праўда, ці што там не зусім праўда, і прапанаваць сваю версію. Нічога такога не адбылося. Больш за тое, замест гэтага літаральна праз пару дзён Ізраілевіч апублікаваў на “Ежедневнике” свой блог, дзе не проста завулявана, а адкрытым тэкстам адвінаваціў газету ў антысемітызме. І вось зараз мы вырашаем з юрыстамі, ці ёсць сэнс падаваць сустрэчны іск, бо абразы былі абсалютна адкрытыя, усе гэта бачылі. Што тычыцца самога нашага тэксту, то там не проста антысемітызму, там нават само слова габрэй нідзе не згадваецца. Таму, магчыма, мы пададзім сустрэчны іск. Мы не будзем „выкатваць” тыя ж 40 тысяч, бо гэта смешна, у нас нават за забойства даюць 5 тысяч кампенсацыі, а тут дзелавая рэпутацыя, але мы падумаем аб тым, як высунуць сустрэчны іск.
РР: На чым палягаюць абвінавачванні ў антысемітызме з іхняга бок?
– У іску гэтага няма. У іску антысемітызм адсутнічае, але гэта ёсць на “Ежедневнику”, там ёсць артыкул Ізраілевіча. Складана сказаць, я нават нічога не адказвала ні ў каментарах, нідзе на гэты артыкул, бо складана каментаваць маразм, таму не магу сказаць, дзе ён гэта ўбачыў, прынамсі ніхто больш акрамя Ізраілевіча і спадара Сацука антысемітызм у гэтых артыкулах не ўбачыў.
РР: На вашую думку, якія перспектывы гэтай судовай справы?
– Два варыянты. Гэта як пра маманта: убачым, ці не ўбачым. То-бок, 50 на 50. Калі гэта замова, то можна наймаць суперкласных адвакатаў, можна прыводзіць стоадсоткавыя аргументы, але вы ведаеце, чым скончыцца гэтая справа. Калі гэта замова. Усё ж такі я яшчэ спадзяюся, што ў спадара Ізраілевіча не такія доўгія рукі і ён не можа замовіць такую справу, таму спадзяюся на справядлівы разгляд, на тое, што суддзя Абрамовіч улічыць усе нашыя аргументы, убачыць усе нашыя доказы і прыме сапраўды справядлівае рашэнне.
РР: А ці не стане гэтая судовая справа супраць “Новага часу” акурат тым чыннікам, які сапсуе дзелавую рэпутацыю Ізраілевічу?
– Я можа зарана, але скажу больш, мы зараз рыхтуем англамоўныя пераклады гэтых артыкулаў і будзем публікаваць у вядучых СМІ ЗША, магчыма іншых краін. Таму, я думаю, што рэпутацыя Ізраілевіча чакае шмат выпрабаванняў.
Папярэдняе судовае пасяджэнне наконт іску Аркадзя Ізраілевіча супраць газеты “Новы час”, а таксама супраць аўтара публікацый журналіста Дзяніса Івашына адбудзецца 29 жніўня ў судзе Савецкага раёна Менска.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя