Аксана Шэлест: Тэлеграм стаў у Беларусі паўнавартасным медыя
«Суседскія» тэлеграм-чаты Беларусі аказаліся асноўнымі пляцоўкамі беларускай рэвалюцыі, дзе жыхары выказалі сваё «права на горад». Вынікі даследавання на гэту тэму прадставілі ў Менску.
Кажа старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Аксана Шэлест:
– Дастаткова хуткі рост. За год практычна ў два разы рост. То бок, калі ў жніўні 2019 года даследаванні паказвалі, што Тэлеграмам карыстаюцца каля 20-23% беларускай інтэрнэт-аўдыторыі, то на лістапад 2020 гэта ўжо 43%. Усе лакальныя чаты, якія існавалі раней у 2015 годзе і ў пачатку 2020 года і мелі сваім прадметам якраз абмеркаванне суседскіх пытанняў, дастаткова хутка трансфармаваліся ў палітычны інструмент.
Па словах даследчыцы, дынаміка пратэстных тэлеграм-чатаў не зніжаецца і штотыдзень кульмінацыя актыўнасці ў іх прыпадае на нядзельныя падзеі. Зараз інфармацыя аб месцах збору і тактыцы дзеянняў перанесена беларусамі ў асобныя сакрэтныя чаты, а не ў адкрытыя, як раней.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя