Жонка Судаленкі: Ён нас адтуль спрабуе падбадзёрваць
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка знаходзіцца ў СІЗА №3 Гомеля, куды яго перавялі з ізалятара часовага ўтрымання.
Паводле слоў жонкі вядомага юрыста Аксаны, канчатковае абвінавачанне да мужа, гледзячы па ўсім, не выстаўленае:
– На спатканне мы яшчэ не хадзілі, бо пэўна, што ідуць нейкія працэсуальныя дзеянні, і цяпер, я так разумею, канчатковыя абвінавачванні яшчэ не прад’яўленыя. Мы размаўляем праз адваката. У яго нармальны настрой. Са слоў адваката, ён нават часам спрабуе жартаваць. Ён нас адтуль спрабуе падбадзёрваць, то бок не мы – яго, а ён – нас. Ён аптыміст, глядзіць далёка наперад і, верагодна, разумее, што ўсё будзе добра.
Жонка Леаніда Судаленкі кажа, што яе муж трымаецца бадзёра, хоць падчас зняволення ў яго абвастрыліся некаторыя хранічныя хваробы. Кіраўнік “Гомельскага цэнтра стратэгічнай цяжбы” Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня па дарозе на працу. Яго абвінавачваюць у “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак”.
Калегі па праваабарончым цэху заяўляюць, што пераслед іх паплечніка абумоўлены ягонай эфектыўнай працай па дапамозе ахвярам рэпрэсій з боку дзяржавы. Леаніда Судаленку прызналі палітвязнем.
Беларускае Радыё Рацыя