Акцыі кампаніі #FreeViasna пройдуць 17 верасня ў розных гарадах
17 верасня распачынаецца міжнародная кампанія салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў “Вясны” – #FreeViasna.
Гэтая дата абраная не выпадкова: 17 верасня 2020 года па дарозе дадому з урачыстага ўручэння прэміі імя Яна Карскага была затрыманая прадстаўніца нашай арганізацыі Марфа Рабкова. На працягу году ціск на праваабаронцаў толькі ўзмацняўся: было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, праводзіліся шматлікія вобшукі, сябраў “Вясны” затрымлівалі, а некаторых пры гэтым збівалі, выклікалі на допыты нават тых, хто даўно не мае дачынення да дзейнасці арганізацыі.
На дадзены момант за кратамі знаходзіцца сем “вясноўцаў”:
- старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі;
- намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч;
- каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч;
- каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова;
- кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка;
- валанцёрка з Рэчыцы Таццяна Ласіца;
- валанцёр з Менску Андрэй Чапюк.
Шмат год “вясноўцы” дапамагалі людзям адстойваць і абараняць іх правы і грамадскія інтарэсы, а цяпер – салідарнасць і падтрымка патрэбная ім самім!
Мы запрашаем прадстаўнікоў вашага выдання на акцыі, якія пройдуць у розных гарадах 17 верасня:
- Кіеў (Украіна) у 10.00 на пешаходным мосце над Алеяй Герояў Нябеснай Сотні. „Цэнтр грамадзянскіх свабод” ладзіць акцыю #FreeViasna у межах кампаніі #BelarusWatch: украінскія праваабаронцы нагадаюць пра гісторыі барацьбы „вясноўцаў” за правы чалавека ў Беларусі і выступяць у падтрымку ўсіх беларусаў, якія сёння знаходзяцца ў зняволенні з-за палітычнага пераследу.
- Варшава (Польшча) у 18.00 Беларускі Дом у Варшаве запрашае збірацца на акцыю каля помніка Мікалаю Каперніку (ulica Krakowskie Przedmieście).
- Вільня (Літва) у 18.00 распачнецца акцыя #FreeViasna на Лукішскай плошчы (Lukiškių g.).
- Парыж (Францыя) у 12.00 на Ратушную плошчу горада (Hôtel de ville) перад галоўнай мэрыяй горада запрашаюць Amnesty International France і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH).
Будзем радыя вас бачыць!