Акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на Віцебшчыне і затрыманні



Ушанаванне памяці Рамана Бандарэнкі адбылося і на Віцебшчыне. У Глыбокім, Лепелі, Докшыцах, Шаркоўшчыне, Паставах неабыякавыя людзі выйшлі на кропкавыя стыхійныя акцыі, каб ускласці кветкі, запаліць знічы і паставіць партрэт Рамана Бандарэнкі ля помнікаў загінулых ад рук фашыстаў ды ў іншых памятных месцах. Падобныя акцыі ў невялікіх гарадах Віцебшчыны ладзіліся з пятніцы па нядзелю (з 13 па15 лістапада).

Падчас імпрэзаў у Докшыцах міліцыя затрымала 8 чалавек, у Паставах – 5, у Глыбокім – дваіх. Іх усіх пакінулі ў ІЧУ да суду, акрамя двух чалавек.

Кажа жыхар Докшыц:

– Затрымалі восем чалавек – пяць жанчын і трох мужчын. Адзін з іх быў з плакатам “Нет насилию!”. Каля райвыканкама стаялі з боку Дома культуры.

Самая масавая акцыя была ў Глыбокім 13 лістапада, там ушанаваць памяць забітага Рамана Бандарэнкі выйшла больш за 40 чалавек. Яны ўсклалі кветкі і запалілі знічы на цэнтральнай плошчы горада, насупраць райвыканкама. Менавіта ў гэты дзень і адбыліся затрыманні.

Жанчына: Да трох чалавек прыходзілі. Склалі пратакол на аднаго чалавека, гэта дакладна. А аднаго затрымалі да панядзелка.

РР: Паўла Лаўрыновіча затрымалі. І яшчэ адну дзяўчыну?

Жанчына: Так, і на яе склалі пратакол.

Мужчына: І дзяўчыну затрымалі таксама, Сашу Шымко.

РР: Значыць і дзяўчыну затрымалі. Бо мне сказалі, што склалі толькі пратакол. І да вас прыязджалі?

Мужчына: Так, прыязджалі. Я нават відэа зняў.  

Ва ўсіх гарадах Віцебшчыны ўлады хутка прыбіралі людскія  мемарыялы ў памяць Рамана Бандарэнкі. У нядзелю акцыі адбываліся на прыступках ля касцёла, у парку Перамогі або воінаў-інтэрнацылістаў і пры ўездах у горад Глыбокае. У Лепелі каля так званага рынку Мацешы, у Шаркоўшчыне – у краме “Остров чистоты”, на цэнтральнай плошчы, на прыватнай тэрыторыі грамадзян ды ў іншых месцах. У Докшыцах і Паставах – на цэнтральных плошчах і каля аптэкі.

Акцыі ў Глыбокім:

Акцыі ў Паставах:

Акцыі ў Лепелі:

Таццяна Смоткіна, Беларускае  Радыё Рацыя

Фота, відэа чытачоў  і аўтара