Акцыі пратэстаў супраць АКБ могуць пачацца і ў іншых берасцейскіх рэгіёнах



Акцыі пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода могуць пачацца і ў іншых берасцейскіх рэгіёнах. Так на мінулых выходных супраць будаўніцтва шкоднай вытворчасці і незаконных дзеянняў уладаў выйшлі людзі ў яшчэ адным горадзе. Пра гэта паспеў напісаць у сацыяльных сетках блогер Сяргей Пятрухін.

Кажа наш карэспандэнт Аліса Поль:

– У знак падтрымкі берасцейцаў карміць галубоў выйшлі жыхары Пінска. Найперш такім спосабам яны праявілі салідарнасць з тымі, хто зараз знаходзіцца за кратамі – Аляксандрам Кабанавым, Змітром Бекалюком і Змітром Андрасюком.

Таксама яны не згодныя з дзеяннямі ўладаў як лакальнага, так і рэспубліканскага ўзроўняў. Як і ў Берасці, сустрэча адбылася а 12-ай гадзіне. Блогер Сяргей Пятрухін не выключыў, што такія сходы ў іншых населеных пунктах берасцейскай вобласці будуць працягнутыя.

Дадаткова ў сеціве можна сустрэць заклікі далучацца да акцыі пратэстаў і ў астатніх гарадах Беларусі. У абвестках гаворыцца пра тое, што хопіць маўчаць і баяцца, трэба спыняць злачынныя дзеянні ўладаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце