Акцыі салідарнасці пройдуць у Дзень палітвязняў у Беларусі
Праваабарончы цэнтр „Вясна” вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
Летась тэмай Дня палітвязняў была жоўтая бірка — спецыяльная метка ў калоніях, пра якую ўпершыню ў лісце распавёў Вітольд. Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставанне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зняволеных.
„Ліст за кратамі — часта адзінае, што прыносіць радасць палітвязням. Ліст з-за кратаў — гэта крыніца інфармацыі і вестачка пра тое, што чалавек жывы і здаровы..”.
Праваабарончы цэнтр „Вясна” заклікае выказаць салідарнасць з палітвязнямі, прыцягнуць увагу грамадства да іх праблем і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.