Акцыя „Астравецкі шлях” працягнецца 26 жніўня



Акцыя „Астравецкі шлях” працягнецца 26 жніўня ў Вілейцы ў форме круглага стала. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

Паводле яго слоў, заяўку на правядзенне вулічнага мерапрыемства ў горадзе ў сувязі з сезонам адпачынкаў было вырашана не падаваць.

Сёлета аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” (штогод праходзіць 26 красавіка, у гадавіну аварыі на ЧАЭС) вырашыў праводзіць акцыі кожны месяц 26-га чысла ў гарадах і пасёлках, размешчаных паміж Менскам і Астраўцом (Гарадзенская вобласць): у Заслаўі, Радашковічах, Маладзечне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. Серыя акцый павінна завяршыцца 26 лістапада ў Астраўцы.

У Заслаўі, Радашковічах і Маладзечне вулічныя акцыі, нягледзячы на пададзеныя заяўкі на іх правядзенне, дазволеныя не былі.

Улады патлумачылі адмову ў правядзенні акцыі ў Заслаўі тым, што заяўка павінна была падавацца не ў мясцовы гарвыканкам, а ў Менскі райвыканкам. У выніку 26 мая ў Заслаўі каля двух дзясяткаў актывістаў розных дэмакратычных партый і арганізацый наведалі памятныя мясціны горада і правялі круглы стол па атамнай праблематыцы.

Адмову ў правядзенні акцыі ў Радашковічах чыноўнікі абгрунтавалі парушэннем тэрмінаў падачы заяўкі — яна была зарэгістраваная ў выканкаме 12 чэрвеня. „Рашэнне дзіўнае. Бо заяўка была накіраваная ў Маладзечанскі райвыканкам заказным лістом 11 чэрвеня, гэта значыць ва ўстаноўленыя законам тэрміны — за 15 дзён да правядзення акцыі”, — сказаў Кучук. У Радашковічах актывісты ўсклалі вянок да помніка Янку Купалу.

У Маладзечне ўлады аргументавалі сваю адмову тым, што заяўленае месца правядзення акцыі не ўваходзіць у пералік дазволеных для „пастаяннага правядзення” грамадскіх мерапрыемстваў. Некалькі актывістаў сабраліся каля кінатэатра „Радзіма” і накіраваліся ў гарадскі парк да памятнага каменя „Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі”. Там яны зачыталі заяву аб тым, што не жадаюць паўтарэння чарнобыльскай трагедыі.