Акцыя «Гарады за жыццё» прайшла ў Смалянах



Беларускія грамадскія дзеячы і праваабаронцы правялі акцыю «Гарады за жыццё». Яны падсвяцілі знічамі помнік архітэктуры – Дамініканскі касцёл у мястэчку Смаляны пад Воршай.

Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, аднак ёсць надзея, што яно будзе скасаванае.

Пра акцыю распавяла праваабаронца Паліна Сцепаненка:

– Трыццатага лістапада ў Еўропе адзначаецца дзень “Гарады за жыццё”. Менавіта ў гэты дзень у 1786 годзе ў графстве Таскана ўпершыню ў Еўропе было адмененае смяротнае пакаранне. У краінах Еўропы, дзе смяротнае пакаранне не існуе, у гонар гэтага дня падсвечваюцца ілюмінацыяй вядомыя помнікі архітэктуры. Мы таксама адзначаем гэты дзень, падсвечваем наш помнік архітэктуры – Дамініканскі касцёл, які знаходзіцца ў занядбаным стане, на знак таго, што ў нашай краіне таксама адменіцца смяротнае пакаранне.

Акцыя прайшла і ў іншых еўрапейскіх рэгіёнах. Беларускія праваабаронцы ўпэўненыя, што наяўнасць смяротнага пакарання тармозіць дэмакратычныя працэсы ў краіне.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Смаляны