Акцыя ІП у цэнтры Менска



У акцыі ля будынку Міністэрства па падатках і зборах, арганізатарамі якой сталі Мікалай Статкевіч і Анатоль Шумчанка, узялі ўдзел каля 300 чалавек.

* * *

Статкевіч і Шумчанка прывялі індывідуальных прадпрымальнікаў пад Дом ураду, каб падаць заявы супраць указу № 222 у Міністэрства па падатках і зборах.

14:35

Шумчанка не выключае магчымасці падачы заявы на марш прадпрымальнікаў, але яго час правядзення будзе вызначаны пазней.

Гукавы матэрыял з акцыі пратэсту:

14:29

«Я вельмі хачу, каб усе беларусы аб’ядналіся і зрабілі нармальную краіну», — кажа на ганку Мікола Статкевіч. Яго словы вітаюць апладысментамі.

Шумчанка кажа, што сёння быў зроблены першы крок. «Мы прыйшлі цывілізавана, нічога не крушылі, газоны не тапталі. Мы — народ Беларусі, мы жывем у сваёй краіне, і з’язджаць не будзем», — зазначае ён.

«Які будзе наступны крок?», — задаецца пытаннем ён і сам адказвае: «Калі будуць праверкі, канфіскацыі, тады будзем звяртацца да Лукашэнкі, а пакуль чакаем крокаў ад уладаў».

Прысутныя з энтузіязмам вітаюць прапанову.

«Работу, работу, работу!» — скандуюць на заканчэнне ІП.

14:27

Прэс-сакратар сказаў, што на ўсе звароты, дзе ўказаныя прозвішчы будуць цягам 15 дзён дадзеныя адказы і хуценька сышоў, адмовіўшыся ад каментароў.

a9_1603414-9t3sz

14:25

Шумчанка і журналісты прайшлі ў фае будынка. Выйшаў прэс-сакратар міністэрства і пасля кароткай пікіроўкі сказаў, што будзе прымаць заявы ад кожнага.

«Калі ласка, не штурхайцеся», — кажа ён.

У фае зайшлі некалькі прадпрымальнікаў — прадстаўнікі розных рэгіёнаў.

«Зараз мы пройдзем і аддамо заявы», — заклікае Шумчанка.

Шумчанка паказвае прэс-сакратару міністэрства заявы, кажа, што працягвае верыць у кампраміс і што МП прыме ўзважанае рашэнне.

14:19

Да ІП ніхто не выйшаў, яны працягваюць скандзіраваць «Работу! Работу!» і «Амністыя, амністыя».

Разам з тым Шумчанка падкрэслівае, што рэвалюцыі сёння не будзе.

14:14

«Няўжо так цяжка выйсці і прыняць заявы? Няўжо ім сорамна перад народам?» — рытарычна пытаецца Шумчанка.

14:13

Спрабуюць датэлефанавацца чарговаму намесніку міністра.

14:07

Шумчанка датэлефанаваўся зноў да прыёмнай і просіць злучыць з намеснікам міністра па падатках і зборах. Сакратар пагаджаецца, але ўрэшце кажа, што намеснік міністра не бярэ слухаўкі. Сакратарка кажа, што як толькі намеснік міністра вызваліцца, то адразу яна яму перадасць. Але яна наадрэз адмаўляецца ператэлефаноўваць Шумчанку.

Статкевіч зайшоў унутр будынка, пахадзіў, пахадзіў і выйшаў назад.

14:04

Шумчанка чарговы раз датэлефанаваўся ў прыёмную. «Калі міністр будзе?» — «Міністра няма на месцы», — кажа сакратарка і не ведае, калі будзе.

Шумчанка ўжо пагаджаецца на тое, каб хоць хто-небудзь выйшаў і забраў заявы.

13:58

З Міністэрства па падатках і зборах па-ранейшаму ніхто не выходзіць. Прадпрымальнікі зноў ладзяць пераклічку, хто адкуль прыехаў. «Светлагорск ёсць? Ёсць». Нават з Лоева ёсць.

Шумчанка тэлефануе ў прыёмную, каб запатрабаваць, каб выйшаў міністр Налівайка. Нарэшце Шумчанка датэлефанаваўся. Пытаецца: «Вы чуеце, што адбываецца ў вас на ганку?». «Ну і што», — адказалі і паклалі слухаўку.

13:41

Збіраюць заявы, што падпісвалі індывідуальныя прадпрымальнікі. Шумчанка заяўляе, што спадзяецца, што нехта з Міністэрства, або сам міністр выйдзе да прысутных. Ён расказвае, што гэтыя заявы былі раздадзеныя яшчэ на рынках, гэта не ананімкі. «Гэта падпісана канкрэтнымі людзьмі, якія не баяцца чыноўнікаў». Шумчанка кажа, што будуць чакаць, пакуль не выйдуць нехта з міністэрства. «Работу! Работу! Работу!» — скандуюць людзі. «Адмена! Адмена! Адмена!».

a8_1603414-vgj6r

13:37

Выступае Уладзімір Някляеў. Ён кажа, што рэжым у Беларусі грэбуе правамі і ІП, і настаўнікаў. Нашыя патрабаванні павінны не толькі быць эканамічнымі, але і палітычнымі. «Галоўнае — вярнуць уладу народу», — заклікае Някляева. Яму мала хто апладзіруе.

13:36

Дэманстранты гукаюць «Міністра! Міністра», але Сяргей Налівайка не выходзіць. Шумчанка заклікае дачакацца, калі скочыцца абед.

13:28

Статкевічаў выступ вітаюць апладысментамі. «Вы — меншасць, але вы энергічныя людзі, якія нічога не чакаюць ад дзяржавы, а працуюць на сябе», — кажа Статкевіч.

13:36

Шумчанка кажа, што суд вярнуў прадпрымальніцы Таццяне Паляковай тавар і скасаваў штраф. Гэта — маленькая перамога, кажа Шумчанка.

Ён кажа, што ІП прыйшлі да Міністэрства падаткаў таму, што ім прапаноўвалі некалькі варыянтаў урэгулявання сітуацыі, але ўсе варыянты былі адкінутыя.

13:24

Пачынаецца акцыя. Слова бяруць Статкевіч і Шумчанка. Яны з мегафонам. Статкевіч заклікаў падыходзіць бліжэй, станавіцца шчыльней, а Шумчанка прапанаваў пачакаць яшчэ пяць хвілін.

Пад будынкам Мінпадаткаў — каля 300 чалавек. Чакаюць аўтобус з Магілёва з ІП.

13:16

Прадпрымальнікі праводзіць пераклічку, адкуль яны прыехалі — Жлобін, Гомель, Барысаў, Брэст. Многія падкрэсліваюць, што яны не падтрымліваюць палітычных лозунгаў, на акцыю, што ладзіў Анатоль Лябедзька, яны прынцыпова не хадзілі, а падтрымліваюць выключна патрабаванні А. Шумчанкі.

Некаторыя не толькі пратэстуюць супраць указу №222, але і напрыклад, супраць штрафаў БелТол.

a3_1603414-marbe

13:05

Сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх — Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч.

Прадпрымальнікі выстраіліся ў чаргу да будынка, яны падаюць заявы супраць указа №222.

Акцыю асвятляюць не толькі незалежныя СМІ, але і журналісты дзяржаўных СМІ.

Анатоль Шумчанка сказаў журналісту «Нашай Нівы», што ён пагутараў з міліцыяй наконт мірнага характару акцыі і аб недапушчэнні правакацый.

12:50

На плошчы Незалежнасці шмат міліцыі, прысутнічае кіраўнік мінскага АМАПА Дзмітрый Балаба.

11:00

Слонімскіх прадпрымальнікаў, якія выехалі на мітынг  затрымалі па дарозе ў Мінск, 12—13 чалавек на мікрааўтобусе міліцыя суправадзіла ў аддзяленне.

 

 

a4_1603414-h2pzu

Палітык Мікалай Статкевіч і старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка  заклікалі прадпрымальнікаў прыйсці сёння 14 сакавіка а 13-й гадзіне да будынка Міністэрства па падатках і зборах, што на Плошчы Незалежнасці ў Менску, каб выказаць нязгоду з указам №222 аб увядзенні абавязковай сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці, завезеных з-за мяжы. Прадпрымальнікі патрабуюць ад Мінпадаткаў тэрміновай адмены ўказу.

Раней Статкевіч і Шумчанка падавалі заяўку на правядзенне ў Мінску Маршу прадпрымальнікаў, але гарадскія ўлады яе адхілілі.

Прадпрымальнікі ў мінулым месяцы тройчы ладзілі акцыі на Кастрычніцкай плошчы (у панядзелкі 15 і 22 лютага, а таксама ў нядзелю 28 лютага). Праўда, штораз яны збіралі ўсё меней пратэстоўцаў.

Паводле Наша Ніва

[Not a valid template]

Фотаздымкі Віталя Сямашкі.