Акцыя „Ланцуг памяці” ля КДБ завяршылася без затрыманняў
Несанкцыянаваная акцыя „Ланцуг памяці” каля будынка КДБ у Менску завяршылася без затрыманняў.
Вечарам 29 кастрычніка прыблізна 30 чалавек сабраліся насупраць цэнтральнага ўваходу КДБ, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у 82-ю гадавіну расстрэлу больш як 100 дзеячаў беларускай культуры.
Удзельнікі прынеслі стэнд з фотаздымкамі зніклых ў 1999 годзе палітыкаў, а таксама лампадкі з запаленымі свечкамі, якія паставілі ля ўваходу. Святар незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы акрапіў дзверы КГБ святой вадой.
Пасля заканчэння акцыі ўдзельнікі прайшлі да размешчанага побач будынка МУС, дзе таксама паставілі лампадкі са свечкамі. Да гэтага часу лампадкі ў КДБ былі прыбраныя невядомымі.
„Калі мы людзі, то павінны памятаць нашых нявінна забітых, тым больш такую колькасць, — заявіў БелаПАН удзельнік акцыі, адзін з лідараў апазіцыі Мікалай Статкевіч. — Сталінскія рэпрэсіі — гэта першая траўма нашага народа, а другая — вайна, ад якой мы яшчэ не адышлі. І мы прыходзім у гэтае месца, адкуль везлі дзясяткі тысяч людзей на расстрэл, дзе іх трымалі, катавалі і забівалі”.
„На жаль, улада тут не з намі. З гэтага будынка не выйшлі супрацоўнікі КДБ і не сталі разам з намі. Значыць, яны лічаць сябе правапераемнікамі забойцаў і катаў, якія забівалі беларускі народ. Таму мы тут і будзем прыходзіць сюды кожны год”, — сказаў Статкевіч.
За акцыяй назірала вялікая колькасць сілавікоў у цывільным, яны вялі відэаздымку.
belapan.by