Акцыя-пікет за вызваленне аднаго з ахвяраў тэрору ў Гародні



Акцыя-пікет за вызваленне аднаго з ахвяраў тэрору АМАПу Аляксея Абрамава прайшла ля будынка Ізалатара часовага ўтрымання Кастрычніцкага раёна Гародні на вуліцы Гая, 4. Дзяўчына гэтай ахвяры Дар’я Змітровіч расказвае, што Аляксей грамадзянін Расеі, з Чалябінска. Гэта хіба адзіная асоба, пра якую даведаліся на волі. Колькі цяпер у ізалятарах Гародні знаходзіцца ўдзельнікаў мірных акцыяў – не ведаюць нават праваабаронцы.

Кажа Дарʼя Змітровіч:

– Аляксей хадзіў па горадзе ў вышыванцы ў знак салідарнасці з беларусамі. Яго забралі 11 жніўня ўвечары, парвалі на ім вышыванку. Далей пра месцазнаходжанне Лёшы я даведвалася ад сукамернікаў, якія выходзілі і раней утрымліваліся разам з Лёшам. Яны распавядалі тыя падрабязнасці, якімі я не вельмі хацела б дзяліцца. Я толькі ведаю, што Лёша адчувае сябе вельмі дрэнна. І ў сувязі з тым, што ён грамадзянін Расейскай Федэрацыі, яму спрабавалі прыпісаць і арганізацыю, і спансаванне мітынгаў.

Абрамава абвінавацілі паводле адміністрацыйнага кодэкса па  арт ыкуле 23.34 частцы 1, удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Міліцыя звярнула ўвагу на пікет, падышлі з пастарунка, высветлілі пра Аляксея Абрамава – знайшлі яго дакументы. Яго ўжо вызваляюць. Агульнагарадскі сход, які пройдзе а 19.00 гадзіне на пляцы Леніна ў Гародні, магчыма развяжа праблему татальнага вызвалення палітвязняў, якія знаходзяцца ў Гарадзенскай вобласці.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя