Акцыя пра Малы памежны рух на беларуска-польскай мяжы



Актывісты Беларускага Дома ў Варшаве і Альянсу грамадзянскай Гарадзеншчыны раздаюць у Баброўніках і Кузніцы ўлёткі і расказваюць пра магчымасць увядзення спрошчанага парадку перасячэння мяжы для жыхароў памежных тэрыторыяў.

Паводле Алеся Зарэмбюка з Беларускага Дома ў Варшаве менавіта беларусы павінны дамагацца ўвядзення малога памежнага руху.

— Акцыя скіравана на тое, каб мага больш беларусаў ведалі, што такое Малы памежны рух. Каб яны не чакалі гэтага, як ужо гады чакаюць, што нехта там прыйдзе і ім гэта зробіць, а каб яны звярнуліся да сваіх мясцовых уладаў і засігналізавалі, што для нас гэта важна, нам гэта патрэбна і Беларусі патрэбны малы памежны рух.

Людзі на мяжы:

—  Мы даўно чакаем, каб не стаяць у чэргах, і каб не было вось такіх праблемаў. Ездзім, крыху затарымся, чым можна: выбіраем дзе танней.

— Было б вельмі зручна, бо візы не былі б патрэбныя. Даўно ўжо абяцаюць, а ніякіх зрухаў няма. Не ведаю, чаму.      

— Лукашэнка гэтага  не хоча. Яму гэта не трэба, бо навошта яно яму. Яму найлепш, каб усе сядзелі ў клетцы.

Дамову пра малы памежны рух у 2010 годзе падпісалі прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Аднак, каб ажыццявіць гэтую ініцыятыву, патрэбны абмен дыпламатычнымі нотамі паміж абедзвюма краінамі, які блакуе беларускі бок.

[Not a valid template]

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя