Акцыя „Пятля для Крамля” у Маскве
У Маскве 10 траўня прайшоў шэраг адзіночных пікетаў з нагоды пятай гадавіны арышту ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.
Каманда тэатру дакументальнай п’есы (Театр.doc) і маскоўскія грамадскія актывісты правялі акцыю „Пятля для Крамля”.
Па словах арганізатараў акцыі, паколькі расейскае заканадаўства забараняе збірацца без дазволу больш двух чалавек у публічных месцах з плакатамі, было вырашана правесці 10 адзіночных пікетаў вакол галоўнай рэзідэнцыі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна.
Па задумцы арганізатараў, калі аб’яднаць умоўнай лініяй усе дзесяць кропак пікетаў, атрымаецца своеасаблівая „пятля для Крамля”.
Маршрут акцыі быў досыць сімвалічным – ад адміністрацыі прэзідэнта РФ да штаб-кватэры ФСБ, дзе і была сфабрыкаваная палітычная справа супраць рэжысёра Алега Сянцова.
Рэжысёр Театр.Doc Варвара Фаер адзначыла, што пятля вакол Крамля мае „народны містычны сэнс”.
На плакатах удзельнікаў можна было прачытаць наступныя напісы: „Мы патрабуем ад Пуціна вызваліць Сянцова”, „Абмен усіх на ўсіх”, „Алег, мы не забыліся!”. У акцыі ўзялі ўдзел каля 20 чалавек. Абышлося без затрыманняў паліцыяй.
Беларускае Радыё Рацыя
фота з сайту censor.net.ua