Суд над Пятрухіным і Кабанавым перанесены



Берасцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, якія збіралі людзей на плошчу Леніна ў нядзелю, даставілі ў суд Ленінскага раёна Берасця. Абодвух, як высветлілася, затрымалі яшчэ ў пятніцу, напярэдадні нядзельнай акцыі, адразу пасля прэс-канферэнцыі з нагоды збору подпісаў супраць будаўніцтва заводу свінцовых акумулятарных батарэяў у свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”, што ля межаў горада.

Падрабязней расказвае Сяргей Пятрухін:

– Я выйшаў з маршруткі, пераходжу дарогу. Машына разварочваецца на поўным хаду. Выскачыў адзін чалавек у цывільным, другі – ў форме. Не назвалі сябе. Машына грамадзянская. Я сеў у машыну. Гэта было ў пятніцу каля 19 гадзін. Не далі нават патэлефанаваць. Я быў адзін. А Кабанава ўзялі крыху раней. Мне сказалі, што я затрыманы. Я ж не буду супраціўляцца. Паказалі пратакол па арт. 23.4 “Заклік да масавых мерапрыемстваў”.

Абодвух актывістаў з раніцы і да пачатку першага разляду, у 15:00, чакалі два дзясяткі чалавек. Усе яны атачылі блогераў, каб задаць ім пытанні адносна акалічнасцяў справы.

Каментуе Аляксандр Кабанаў:

– Цэлая спецаперацыя. Мне паказалі пасведчанні і сказалі, што хочуць са мной паразмаўляць у Ленінскім РАУСе. Я сказаў: “Зразумела. У якой камеры?”

Пятрухіна з Кабанавым вінавацяць у “парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў” і абодва ў судзе хадайнічалі аб адвакаце. Суддзі абвясцілі перапынак у разглядзе справы да серады 28 лютага.

Працяг суда над Кабанавым у 09:30, над Пятрухіным – у 10:30.

“Затрыманне і змяшчэнне ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасця звязваем з акцыяй супраць будаўніцтва заводу свінцовых АКБ”, – зазначылі блогеры.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара

* * * 

З нагоды пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем, гараджане ўсё ж выйшлі на плошчу Леніна.

Адбылося гэта прыкладна каля 12:00, аднак дакладную кольскасць удзельнікаў вызначыць немажліва па прычыне таго, што ў той самы час на плошчы вялася падрыхтоўка і пачатак святочнага мерапрыемства МНС. Кажа берасцеец, адзін з тых. хто дабраўся да плошчы з нагоды пратэсту супраць будаўніцтва завода:

– Чыноўнікі не чуюць народ. І нічога не робяць для таго каб пачуць. Ніяк не рэагуюць. Таму гэта вынік таго, што народ вырашыў выйсці на плошчу і сказаць пра сваю пазіцыю. МНС праводзіла тут сваё мерапрыемства. Каб не прыйшлі людзі, якія таксама супраць будаўніцтва завода, туды нагналі школьнікаў, якія прыходзілі невялікімі групкамі з настаўніцамі.

Нядзельны збор на плошчы Леніна анансавалі ў адным са сваіх стрымаў мясцовыя блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Што праўда, абодва спынілі сваю актыўнасць у сацсетках напярэдадні акцыі. Пазней стала вядома, што яны знаходзяцца ў Ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця. Каментуе грамадская актывістка Людміла Захаранка, якая адшукала іх там:

– Паніку пачалі біць людзі яшчэ ўчора, калі не пачаўся стрым у інтэрнэце. Я тады патэлефанавала аднаму і другому, тэлефоны былі выключаны. І мы з сябрамі вырашылі, што хлопцы наўмысна выключылі свае тэлефоны, каб сёння спакойна дабрацца да плошчы. І ўжо сёння сябры паведамілі, што іх на плошчы не было. Я патэлефанавала ў ІЧУ Берасця, і аказалася, што хлопцы там.  

Вядома, што суд над Сяргеем Пятрухіны і Аляксандрам Кабанавым варта чакаць у панядзелак, пачынаючы з 09:00 раніцы. Пра затрыманне і змяшчэнне пад варту берасцейскіх блогераў ужо ведаюць мясцовыя праваабаронцы.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце