Акцыя ў падтрымку Надзеі Саўчанкі (абноўлена)
У Надзеі Саўчанкі, якая працягвае сухую галадоўку ў расейскай турме, з’явіліся першыя прыкметы пагаршэння здароўя. Пра гэта ў Facebook паведаміў адвакат Мікалай Полазаў.
„Толькі што размаўляў з консуламі Украіны. Ім удалося прабіцца ў СІЗА да Надзеі і пагутарыць з ёй. Надзея дэманструе стойкасць свайго характару і непахіснасць волі. Яна мае цвёрды намер прысутнічаць на судзе 09.03. і самой сказаць апошняе слова, нягледзячы на тое, што сімптомы сухой галадоўкі ўжо даюць аб сабе знаць — перыядычна ўзнікае тахікардыя, ацякаюць ногі, парушаная тэрмарэгуляцыя”, – паведаміў Полазаў.
Акрамя таго, па словах адваката, расейскі бок зацягвае пытанне, звязанае з допускам да Саўчанкі камісіі ўкраінскіх медыкаў.
«Заўтра консулы зноў паспрабуюць сустрэцца з Надзеяй Саўчанкай ў СІЗА. Але час няўмольна мінае», – падкрэсліў Полазаў, перадае rbc.ua.
* * *
Актывісты апазіцыі заклікаюць неабыякавых грамадзян паўдзельнічаць у акцыі падтрымкі Надзеі Саўчанкі. Прапануецца сабрацца сёння а 18-ай гадзіне каля расейскага пасольства ў Менску.
У прыватнасці, актывісты адзначаюць, што па ўсім свеце праходзяць акцыі ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы, якую судзяць у Расеі, і якая трэці дзень трымае сухую галадоўку. Такім чынам Надзея пратэстуе супраць замаруджвання працэсу па крымінальнай справе, сфабрыкаванай супраць яе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота novaya.com.ua