Акцыя ў падтрымку палітвязняў у Гародні
У цэнтры Гародні прайшла акцыя ў падтрымку палітвязняў. У акцыі прыняло ўдзел каля 500 чалавек.
Стала вядома пра затрыманне некалькіх чалавек, якія рабілі стрымы падчас акцыі. Агулам былі затрыманыя 4 аўто з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
На вуліцы АМАП. АМАПаўцы папярэджвалі прысутных і прасілі іх разысціся.
З месца падзеі перадае наш гарадзенскі карэспандэнт Якуб Сушчынскі:
– У гэтыя хвіліны на вуліцах Савецкай і Маставой сабралася каля 150 чалавек і людзі ўсё прыбываюць. Выступоўцаў пакуль няма. Людзі пляскаюць у далоні. Ёсць сцяг „Краіна для людзей”. Машыны, якія праязджаюць, сігналяць у знак падтрымкі. Заўважаны квадракоптары, якія, відавочна, здымаюць акцыю. Міліцыі пакуль не відаць.
* * *
У Гародні а 19-й гадзіне пачнецца акцыя ў падтрымку палітвязняў. На Савецкай плошчы сабралася каля 70 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня