Акцыя ў падтрымку рэпрэсаваных у Менску



У Менску прайшлі стыхійныя затрыманні. Удзельнікаў маршу на праспекце Машэрава, насупраць былой крамы Symbal.by, раптоўна пачалі затрымліваць АМАПаўцы, а таксама людзі ў зялёнай форме.

Мянчук Павел у той час, у 19 гадзін, стаў відавочцам падзей, калі спрабаваў праехаць на сваім аўтамабілі праз дарогу:

– Проста ўсіх запар пачалі хапаць. Я спыніўся каля супрацоўнікаў ДАІ, каб яны разабраліся, як супрацоўнікі міліцыі. Яны сказалі – не, мы рэгулюем дарожны рух, а тут нейкага забіраюць. Куча народу, крыкі, усе бягуць пад машыны, праз дарогу без светлафораў, без пешаходных пераходаў. Проста ўсе ратуюцца.

 “Ніхто не прадстаўляецца, падбягаюць і хапаюць чалавека з натоўпу і валакуць у бус ці аўтазак”, – дадаў менчук.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: Наша Ніва

* * * 

Калона дэманстрантаў з Камароўкі рушыла ў бок цэнтра. Яны пратэстуюць супраць выкрадання Марыі Калеснікавай і патрабуюць вызвалення палітвязняў.

Аўтазак і два міліцэйскія мікрааўтобусы праехалі ў бок плошчы Якуба Коласа, куды ад Камароўскага рынку накіраваліся ўдзельнікі стыхійнага маршу.

У раёне плошчы калона прыкладна з 300 пратэстоўцаў — у асноўным жанчын — развярнулася і накіравалася па вул. Харужай у бок вул. Багдановіча, а затым — павярнула на вул. Куйбышава.

* * * 

Каля Камароўскага рынку ў Менску пачаліся затрыманні ўдзельнікаў акцыі пратэсту.

Сёння ў 18.00 тут планаваўся стыхійны марш у падтрымку рэпрэсаваных „Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Да пачатку акцыі на пляцоўцы каля рынка сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек — у асноўным жанчыны.

Прыкладна ў 17.53 з’явіўся міліцыянер з гучнагаварыцелем і пачаў папярэджваць пра незаконнасць акцыі і адказнасць па артыкуле 23.34 КоАП. З’явіліся людзі ў цывільным і зялёнай форме ў балаклавах. Яны пачалі затрымліваць людзей — пераважна мужчын. На працягу пяці хвілін было затрымана каля дзясятка ўдзельнікаў акцыі, паведамляе карэспандэнт БелаПАН. Затрыманых садзяць у мікрааўтобусы без нумароў.

Людзі сталі ў счэпку, жанчыны крычаць, калі спрабуюць выхапіць мужчын. Дэманстранты адышлі непасрэдна да ўваходу на рынак. Яны скандуюць „Ганьба!”, „Вярніце нашых дзяцей”, „Вярні Машу!” (маецца на ўвазе выкрадзеная напярэдадні член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Марыя Калеснікава).

Удзельнікаў робіцца больш — прыходзяць у асноўным жанчыны.

belapan.by

Фота Надзеі Бужан