Актывіст дамогся сустрэчы са старшынём аблвыканкама



Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Салянік дамогся сустрэчы са старшынём гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімірам Краўцовым. Гэта надзвычай рэдкая падзея для Гародні. Бо традыцыйна, за чатыры гады працы гарадзенскага чыноўніка, спробы грамадскіх актывістаў запісацца да яго на прыём ня мелі поспеху. Іх звароты перанакіроўваюцца да яго намеснікаў. 

Кажа Мікалай Салянік:

– Па-першае, мяне таксама хацелі накіраваць да намеснікаў. Я адказаў, што буду размаўляць толькі з першай асобай. Магчыма, мяне ведаюць па выступленнях на плошчы, калі я не хаваўся падчас Маршу супраць дэкрэта №3. Я тады назваў сваё прозвішча, імя, нумар тэлефона, дзе прапісаны. Я не баюся гэтай улады, таму што нічога супрацьпраўнага не раблю і не патрабую.

Сярод тэмаў, якія падняў перад Уладзімірам Краўцовым Мікалай Салянік, – небяспека атамнай станцыі ў Астраўцы, тэма “малога памежнага руху”, які не працуе, якасць абслугоўвання мясцовай аўтаінспекцыі, грамадскага транспарту ў мікрараёне Альшанка, а таксама сацыяльная справядлівасць. Як сказаў Мікалай Салянік, не на ўсе пытанні ён атрымаў адказ:

– Я выдатна разумею, якія ў нас выбары, якое заканадаўства. Яшчэ ў 1996 годзе я балатаваўся ў Вярхоўны Савет. Прайшоў першы тур, а пасля наш паважаны кіраўнік дзяржавы адмяніў другі тур выбараў. У мінулым годзе я балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Чыноўнікі па надуманых прычынах мяне не зарэгістравалі кандыдатам.

Мікалай Салянік плануе балатавацца на мясцовых выбарах ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Галоўная яго мэта, як кажа актывіст, – дабрабыт краіны і людзей, якія яе насяляюць.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара