Актывіст Леанід Кулакоў аштрафаваны на 45 базавых
Суд Цэнтральнага раёна Менска аштрафаваў актывіста Леаніда Кулакова за ўдзел у малітве на плошчы Свабоды 7 красавіка.
Як паведаміў Кулакоў БелаПАН, у пратаколе адзначана, што ён стаяў у групе грамадзян, трымаў бел-чырвона-белы сцяг і мітынгаваў у неўстаноўленым месцы без дазволу гарвыканкама. Пры гэтым, паводле яго слоў, сведкі з ліку амапаўцаў паказалі, што ён „маліўся і трымаў сцяг”. „Так трэба ўсіх вернікаў, хто моліцца не ў храме, а на вуліцы, прыцягваць да адказнасці?” — заявіў Кулакоў.
Актывіст адзначыў, што ўнёс у часе суда два хадайніцтвы — замяніць штраф адміністрацыйным арыштам і запрасіць святара, каб ён даў тлумачэнне, дзе можна маліцца, а дзе нельга. Суддзя адхіліў хадайніцтвы і аштрафаваў Кулакова на падставе артыкула 23.34 КоАП на 45 базавых велічынь (1.147,5 рубля).
Паводле слоў Кулакова, аналагічны пратакол складзены ў дачыненні да актывіста Яўгена Афнагеля.
7 красавіка ля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды ў сталіцы адбылася малітва за Курапаты. У ёй узялі ўдзел каля 200 чалавек. Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, які ініцыяваў яе, быў затрыманы ў гэты дзень на выхадзе са свайго дома. 9 красавіка яго арыштавалі на 15 сутак.