Актывіст, які прагаласаваў на трох розных участках, звярнуўся ў Следчы камітэт



Актывіст Дзяніс Краўчук, які падчас датэрміновага галасавання змог прагаласаваць тры разы на трох розных участках, з дапамогай юрыстаў ПЦ “Вясна” накіраваў заяву ва ўпраўленне Следчага камітэту па Менску з просьбай правесці праверку дзеянняў участковых выбарчых камісій. 

Дзяніс Краўчук. Фота – euroradio.fm

Па словах Дзяніса Краўчука, пра механізм фальсіфікацыі вынікаў выбараў шляхам шматразовага галасавання грамадзян яму стала вядома з сацыяльных сетак. Ён даведаўся пра так званы “сакрэтны код” 000-179, які алоўкам упісваўся ў пашпарт на старонцы са штампам рэгістрацыі і быццам бы даваў магчымасць яго ўладальніку атрымліваць бюлетэні на пэўных выбарчых участках незалежна ад месца рэгістрацыі.

Актывіст вырашыў праверыць дадзеную інфармацыю і ў выпадку, калі яна пацвердзіцца, звярнуцца ў праваахоўныя органы. Ён напісаў у сваім пашпарце гэты “сакрэтны код” і пайшоў на выбарчы ўчастак, які размяшчаўся ў гімназіі №4 у Кунцаўшчыне. Хоць Краўчук не мае мінскай рэгістрацыі, яму без праблем выдалі бюлетэнь і папрасілі распісацца насупраць чужога прозвішча. На атрыманым бюлетэні актывіст паставіў дзве галачкі і папрасіў камісію замяніць сапсаваны бюлетэнь. Камісія лёгка гэта зрабіла.

На наступных двух участках гісторыя паўтарылася. На ўчастку ў школе №185 і на ўчастку №73 (вул. Кунцаўшчына, 20) пасля прад’яўлення пашпарта з кодам Краўчуку без праблем выдавалі бюлетені і прапаноўвалі распісацца насупраць іншых прозвішчаў.

“На апошнім ўчастку №73 я звярнуўся да сябра камісіі з пытаннем, ці законная ўвогуле выдача мне бюлетэня. Старшыня пачала апраўдвацца і казаць, што мяне ўнясуць у нейкі дадатковы спіс выбаршчыкаў дадзенага ўчастка, а таксама патэлефануюць на ўчастак па месцу маёй рэгістрацыі (к.п. Нарач) і “адмацуюць” мяне адтуль. Варта адзначыць, што і гэтая прапанаваная камісіяй працэдура з’яўляецца незаконнай”,  – адзначае ў сваёй скарзе Дзяніс Краўчук.

Дзеля доказаў фальсіфікацый Краўчук захаваў усе тры бюлетэні, выдадзеныя камісіямі, а таксама здымаў увесь працэс на відэа.

Актывіст лічыць, што бюлетэні былі выдадзены яму незаконна, і сябры камісіі рабілі гэта наўмысна, па папярэдняй змове з невядомымі асобамі, з мэтай фальсыфікацыі вынікаў галасавання.

Артыкул 192 Крымінальнага кодэксу РБ прадугледжвае адказнасць асобаў, якія парушаюць таямніцу галасавання, альбо займаюцца падробкай дакументаў па выбарах, альбо ажыццяўляюць загадзя няправільны падлік галасоў ці іншае скажэнне вынікаў галасавання. У дадзеным выпадку ажыццяўлялася скажэнне вынікаў галасавання шляхам выдачы лішніх бюлетэняў.

У сваёй заяве ў Следчы камітэт Дзяніс Краўчук просіць правесці праверку названых ім звестак і, пры наяўнасці падстаў, узбудзіць крымінальную справу ў адносінах датычных да парушэнняў асобаў.

„Праваабаронцы за свабодныя выбары”