Актывіст Яўген Афнагель засуджаны на 15 сутак арышту
Каардынатар грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель атрымаў 15 сутак арышту „за акцыю ў абарону незалежнасці”, паведаміў апазіцыйны актывіст Павел Юхневіч на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
Раней сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец паведаміў БелаПАН, што ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна ў Менску знаходзіцца каардынатар „Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі і лідар незарэгістраванай арганізацыі „Малады фронт” Дзяніс Урбановіч.
Паводле слоў Севярынца, пра арышт Вінярскага на 15 сутак стала вядома пасля таго, як яго родныя перадалі яму перадачу ў ЦІП.
У тэлефоннай размове супрацоўнікі ЦІП яму таксама пацвердзілі, што Урбановіч знаходзіцца ў іх. „Так як гэта ЦІП, значыць, ён там знаходзіцца ўжо пасля суда. Але па тэлефоне яны не кажуць, колькі сутак яму далі. Думаю, што таксама 15. Заўтра сястра Дзяніса прыедзе з перадачай і даведаецца, колькі сутак”, — сказаў Севярынец.
Сам Севярынец таксама атрымаў 15 сутак за ўдзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй — такое рашэнне прыняў 18 снежня суд Савецкага раёна Менска. Пасля суда яго адвезлі назад у РУУС Савецкага раёна. „Там мяне завялі ў сутарэнне, дзе таварыш палкоўнік прачытаў мне лекцыю пра тое, што 7 і 8 снежня дэманстранты парушалі закон, — распавёў палітык. — Заклікаў не парушаць закон 20-га, таму што будуць ёлкі, будуць дзеці. Пасля гэтага мне сказалі, маўляў, ідзіце дадому. Я ўдакладніў, а што з 15 суткамі. Адказалі: „Нічога не ведаем”. Вывелі на ганак і адпусцілі”.
Той факт, што яго асудзілі на адміністрацыйны арышт, але адпусцілі, фактычна даўшы магчымасць удзельнічаць у анансаванай акцыі пратэсту, Севярынец пракаментаваў так: „Тут адно з двух. Альбо ўлады зацікаўленыя ў акцыі 20 снежня, альбо яны рыхтуюць нейкія правакацыі. А можа быць, і тое, і іншае”.
Пра тое, што 20 снежня ў цэнтры Мінска плануецца чарговая акцыя супраць інтэграцыі з РФ, заявілі на прэс-канферэнцыі 16 снежня прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі „Абаронім незалежнасць”. У аргкамітэт акцыі ўваходзяць прадстаўнікі 15 палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і рухаў. Было заяўлена, што пасля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы плануецца шэсце па цэнтры горада і ў завяршэнне акцыі — жывы ланцуг. Арганізатары таксама паведамілі, што ў іх ёсць план „Б”, калі доступ да Кастрычніцкай плошчы будзе абмежаваны. 21 снежня тамсама, на плошчы, плануецца мітынг.
17 снежня прадстаўнікі апазіцыі пра згаданыя акцыі 20 і 21 снежня апавясцілі Мінгарвыканкам.
Правесці ў сталіцы вулічную акцыю 20 снежня плануюць і прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй. Як паведаміў БелаПАН на мінулым тыдні экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Драко, яны накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з просьбай дазволіць мітынг у тым жа месцы, дзе маюць намер сабрацца праціўнікі інтэграцыі. Калі адміністрацыя не дасць дазволу, акцыя праводзіцца не будзе, дадаў Драко.
belapan.by