Актывіста Ежы Грыгенчу аштрафавалі за “пікетаванне” ў судзе
Гарадзенскага актывіста Ежы Грыгенчу ў судзе Лідскага раёна асудзілі на штраф 50 базавых адзінак (1450 рублёў).
На думку суддзі Вольгі Кавалёвай, Грыгенча знаходзіўся сярод групы грамадзян, якія скандуюць лозунгі.
Адміністрацыйную справу распачалі пасля вынясення прысуду актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку ў судзе Лідскага раёна 18 студзеня. Тады падтрымаць Ашурка сабраліся каля 50 чалавек. Прысуд — пяць гадоў калоніі – сустрэлі крыкамі “Ганьба!”, што суд і разглядае як пікет.
Ежы не прызнаў віну. Па словах актывіста, ён пікет не праводзіў, лозунгаў не выкрыкваў. Грыгенча на суд не з’явіўся. Раней, калі ён 10 лютага прыехаў у Ліду па позве, яго затрымалі на 72 гадзіны да суда, але судзіць не сталі.
Па тым жа падзеям на 50 базавых велічыняў аштрафавалі журналіста Юрыя Дзяшука. Разам з журналістам па гэтай справе праходзяць яшчэ каля 10 чалавек, якія прысутнічалі на судзе над Вітольдам Ашуркам.