Актывіста незаконна не ўключылі ў склад камісіі
Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў юрыдычны казус. Актывіста руху “За Свабоду” Сяргея Вакуленку не ўключылі ў склад абласной тэрытарыяльнай камісіі, хоць за яго была сабраная мінімальна патрэбная колькасць подпісаў. 9 з 10 грамадзянаў, якія вылучылі Вакуленку, падалі скаргу ў Берасцейскі абласны суд. Але той адмовіўся пачынаць справу, бо ў скарзе не хапала аднаго подпісу. Тады прыхільнікі Вакуленкі звярнуліся ў Вярхоўны суд, які падтрымаў рашэнне абласнога. Каментуе першы намеснік старшыні руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:
– Вярхоўны суд Беларусі чарговы раз адмовіў грамадзянам у правасуддзі. Права кожнага грамадзяніна – справядлівы судовы разгляд справы. Яно не павінна абмяжоўвацца ўдзелам ці жаданнем удзельнічаць або не ўдзельнічаць у ім з боку іншых грамадзян. Ну, а беларускі суд, натуральна, спрошчвае сабе жыццё падобнымі трактоўкамі заканадаўства, бо інакш скаргаў, асабліва з боку прадстаўнікоў апазіцыі, якія татальна не ўключаюцца ў склад выбарчай камісіі, было б не дзясяткі, а сотні.
Цяпер актывісты Берасця збіраюцца падаваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота 2000.ua