Актывіста Паўла Батуева асудзілі яшчэ на 15 сутак
Актывіст з Салігорску Павел Батуеў не выйшаў на волю пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, яго зноў прысудзілі да 15 сутак. На якой падставе – не паведамляецца.

Паўла затрымалі 23 лістапада, калі ён ішоў забіраць дачку з дзіцячага сада. Спачатку яго адвезлі ў кватэру ягонага бацькі, дзе ён часова пражывае, і правялі там ператрус. Пасля гэтага ператрус адбыўся і ў асноўнай кватэры актывіста.
7 снежня зноў адбыліся ператрусы, якія, паводле інфармацыі журналісткі Вольгі Быкоўскай, праходзілі ў межах узбуджанай крымінальнай справы. На іх Паўла прывезлі проста з ІЧУ, дзе ён адбываў пакаранне нібыта за супраціў міліцыі.
Праваабаронцы пісалі, што гаворка можа ісці пра крымінальную справу па артыкуле 369 КК РБ („Знявага прадстаўніка ўлады”).
