Актывіста пераследуюць за ўдзел у свіслацкай акцыі, на якой яго не было
Супрацоўнікі міліцыі Лідскага РАУС склалі чарговы пратакол за ўдзел у масавых мерапрыемствах у Свіслачы. Гэтым разам пратакол на грамадскага актывіста складзены беспадстаўна. Рэч у тым, што Валеры Мінец, да якога завіталі супрацоўнікі міліцыі, у масавых мерапрыемствах у Свіслачы не ўдзельнічаў з той прычыны, што яго там папросту не было. На яго думку, справа супраць яго абсалютна надуманая і беспадстаўная.
– Ні ў Свіслачы, ні ў якіх іншых месцах мы з сябрамі не былі. Папросту спазніліся фізічна. І таму мне будзе вельмі цікава папрысутнічаць на судзе і паслухаць, як нашы міліцыянты будуць абгрунтоўваць тое, што гэта быў удзел у масавым мерапрыемстве.
Супрацоўнікі міліцыі Лідскага РАУС завіталі да актывіста на падворак пасля 9-й гадзіны вечара і прапанавалі яму даць тлумачэнні па факце ўдзелу ў масавых мерапрыемствах у Свіслачы. На што ён адмовіўся ўпускаць іх у дом і даваць якія-небудзь тлумачэнні. Таму ўся размова з міліцыянтамі адбывалася праз акно.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя