Актывіста Рыгора Грыка з Баранавіч зноў будуць судзіць
На гэты раз за акцыю ў Менску, якая прайшла 7 ліпеня. Удзельнікі акцыі выказалі пратэст супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў 2017 года і патрабавалі вызвалення палітвязняў.
Кажа Рыгор Грык:
– Атрымаў я позву, каб у Менск прыехаць. Не паехаў, таму што не было грошай. Яны прынеслі мне ў 15 гадзінаў, а на 17-ю гадзіну я павінен быў быць у менскім РАУС. Па Канстытуцыі мы маем права на вольнае выказванне, але ў нас Канстытуцыя нядзейсная.
Даведацца падрабязней пра справу не ўдалося. Прачытаць дасланы міліцэйскі пратакол нават з дапамогай праваабаронцы не ўдалося.
Гаворыць сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяргей Гоўша:
– Паказаў ён мне пратакол, які зусім не чытэльны. Гэта ўжо такая беларуская сістэма: пішуць так, каб чытаць немагчыма было. Не можам прачытаць – ні Грык, ні я. Я думаю, што не прачытае ні суддзя, ні пракурор – ніхто.
Сяргей Гоўша рыхтуе скаргу ў пракуратуру Баранавіцкага раёна наконт нечытэльнасці пратакола. У запозненай рэакцыі ўладаў на акцыю праваабаронца бачыць толькі жаданне захаваць твар перад еўрапейскай місіяй, якая была на той момант у Менску.
Беларускае Радыё Рацыя