Актывіста Яўгена Парчынскага аштрафавалі на 7,5 мільёнаў рублёў
28 жніўня Наваполацкі суд вынес рашэнне па справе грамадскага актывіста Яўгена Парчынскага. Парчынскаму інкрымінавалі падзеі, якія адбыліся аж у 2009-2012 гадах.
Абвінавачванні былі звязаныя быццам бы з пасярэдніцтвам ў атрыманні фальшывых бальнічных і позваў у міліцыю для трэціх асоб. Сам Яўген на судзе абвінавачванні не прызнаваў і лічыць гэтую справу пераследам за сваю актыўную палітычную і грамадскую дзейнасць.
“Пяць гадоў таму, за год да прэзідэнцкіх выбараў, я збіраўся ўзначаліць перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча па Полацкаму і Наваполацкаму рэгіёну, – распавядаў Яўген Парчынскі нашаму карэспандэнту. – І тут даведваюся, што супраць мяне распачалася крымінальная справа. Я не веру ў такія супадзенні”.
Па словах актывіста, яго маглі адправіць і за краты, таму рашэннем суда ён задаволены і абскарджваць яго не будзе.
“Пракурор прасіў, каб мне далі 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, – кажа суразмоўца. – Суддзя вынесла рашэнне – аштрафаваць на 7,5 мільёнаў рублёў. Не самы для мяне дрэнны расклад, калі гэтую сітуацыю наогул можна назваць добрай”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vitebskspring.org