Актывіста затрымалі за плакат: “Праца – права, а не абавязак”



У Наваполацку  сёння быў затрыманы сябра аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Андрэй Гайдукоў.  Як распавёў актывіст, затрыманне адбылося падчас вывешвання плакатаў “Праца – права, а не абавязак”.  Такім чынам ён хацеў звярнуць увагу гараджан на праблемы з правам на працу. «Бо ў нас то караюць за „дармаедства“, то звальняюць чалавека, які імкнецца працаваць. Такая сітуацыя здарылася з Мікалаем Шарахам,» – кажа Андрэй  Гайдукоў.

– Я планаваў вывесіць гэтыя разцяжкі да 1 траўня, але калі даведаўся пра Шараха, і што Свабодныя прафсаюзы плануюць гэты пікет, вырашыў, што развешу плакаты і яшчэ адзін вазьму ў Полацк. Мяне затрымалі, павезлі ў ГАУС, склалі пратакол паводле арт. 21.14. Я напісаў хадайніцтва, каб суд перанеслі на панядзелак, каб мець магчымасць атрымаць кансультацыю адваката.

На Андрэя Гайдукова ў Наваполацкім ГАУС склалі адміністрацыйны пратакол «Парушэнне правіл утрымання і добраўпарадкавання населеных пунктаў». Разбор па гэтай справе  адбудзецца ў  бліжэйшы панядзелак, 2 траўня, у Наваполацкім гараддзеле міліцыі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org