Суды над актывістамі АГП перанесены (абноўлена)



Суды над актывістамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі перанесены на 21 красавіка. На судовае пасяджэнне не з’явіліся сведкі абвінавачвання – супрацоўнікі міліцыі, якія складалі пратаколы. Сёння ў судзе Маскоўскага раёну Менска былі запланаваныя разгляды адміністрацыйных спраў старшыні Менскай гарадской арганізацыі АГП Дзмітрыя Кавалгіна і прэс-сакратара партыі Ганны Красулінай. Апошняя кажа, што нічога не парушала:

– Судзяць за тое, што 30 сакавіка я сустракала свайго калегу Дзмітрыя Кавалгіна, які адсядзеў 5 сутак на Акрэсціна. Але справа ў тым, што з пяці сутак а 14-й гадзіне ў гэты дзень выходзіла шмат людзей адначасова, і, адпаведна, было шмат сустракаючых. І вось гэта, чамусьці, дазволіла міліцыянтам, якія сачылі за працэсам, расцаніць гэта як масавае мерапрыемства.

Паводле інфармацыі прэс-службы АГП, на самой справе ніякага масавага мерапрыемства не было. Гэта была сустрэча з ізалятара на Акрэсціна тых, хто трапіў на суткі ў «Дзень волі» 25 сакавіка.  Падчас сустрэчы разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сцяг, які, на здзіўленне Дмітрыя Кавалгіна, міліцыянты яму вярнулі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

У Маскоўскім раённым судзе Менска пачаліся адміністрацыйныя працэсы над актывістамі АГП.

Прэсавага сакратара АГП Ганну Красуліну судзяць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве: 30 сакавіка яна разам з іншымі актывістамі АГП сустракала каля ізалятара на Акрэсціна свайго аднапартыйца Дзмітрыя Кавалгіна, які выходзіў з ізалятара пасля 5 сутак арышту за Дзень Волі. Тады актывісты разгарнулі бела-чырвона-белы сцяг пад турэмнымі вокнамі.

Таксама ў Маскоўскім райсудзе судзяць намесніка старшыні менскай гарадской арганізацыі АГП Дзмітрыя Кавалгіна. Ягоную справу разглядае суддзя Таццяна Матыль, вядомая шматлікімі працэсамі над апазіцыянерамі. Дзмітрый Кавалгін абвінавачаны ва ўдзеле ў сустрэчы самога сябе з турмы на Акрэсціна.

«Мяне судзяць за сустрэчу самога сябе? Смешна», — сказаў у судзе Дзмітры Кавалгін.

Працэс над Ганнай Красулінай спынены, бо не з’явіліся сведкі-міліцыянты. Працяг прызначаны на пятніцу, 21 красавіка. Такое ж рашэнне і па справе Дзмітрыя Кавалгіна, бо ў яго тыя ж сведкі, паведамляе svaboda.org.