Актывістаў „Моладзі БНФ” аштрафавалі за акцыю „Квіток на той свет”



Суд Цэнтральнага раёна Менска 17 кастрычніка аштрафаваў актывістаў „Моладзі БНФ” Ганну Смілевіч і Дзяніса Мандзіка на 25 і 30 базавых велічынь адпаведна (612,5 і 735 рублёў). Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Актывісты прызнаныя вінаватымі па артыкуле 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Былая і цяперашні лідары арганізацыі, а таксама актывіст Арсень Дзядок былі затрыманыя напярэдадні днём ля будынка Міністэрства абароны пры спробе правесці акцыю ў межах кампаніі „Квіток на той свет”, накіраванай супраць дзедаўшчыны ў беларускім войску. Іх адвезлі ва УУС Цэнтральнага раёна для высвятлення асобы.

Увечары Дзядок паведаміў, што яго адпусцілі. Мандзік і Смілевіч правялі ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

„Моладзь БНФ” абвясціла кампанію „Квіток на той свет”, накіраваную на тое, каб паказаць людзям рэаліі сучаснай арміі ў Беларусі, а таксама даказаць перавагі кантрактнай службы. У межах кампаніі плануецца правядзенне вулічных перформансаў.

belapan.by