Актывістаў судзяць за ліпеньскія мірныя акцыі пратэсту



Суд Першамайскага раёна г. Менска 1 жніўня разгледзіў справу Леаніда Кулакова па абвінавачванні яго ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 3 арт. 23.34 КаАП), якое адбылося 7 ліпеня.

Так суддзя Іна Сідарок палічыла даказанай віну актывіста на падставе сведчанняў міліцыянта Я. Караваева і пісьмовых матэрыялаў справы, прызнаўшы ўдзел Леаніда Кулакова ў пікетаванні супраць ваенных вучэнняў “Захад-2017” і за вызваленне палітычных зняволеных адміністрацыйным правапарушэннем. І вынесла пастанову аб пакаранні актывіста штрафам у 30 базавых велічынь (690 беларускіх рублёў).

За ўдзел у гэтым жа пікеце яшчэ 27 ліпеня была асуджана Вольга Нікалайчык. Жанчыне таксама прызначылі пакаранне ў выглядзе штрафа ў 30 базавых велічынь.

Сёння будзе разглядацца іншая адміністрацыйная справа ў дачыненні да актывісткі – за ўдзел у масавым мерапрыемстве, што адбылося 3 ліпеня.

А 4 жніўня суд чакае і актывістку Ніну Багінскую.

Вясна