Актывістка БХД Галіна Каржанеўская патрабуе аднавіць яе ў статусе кандыдата
Актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Галіна Каржанеўская, якая балатавалася ў Менгарсавет, падала ў Менскую гарадскую выбарчую камісію скаргу на зняцце яе кандыдатуры з выбараў. Прадстаўніцу БХД знялі з выбараў 13 лютага. Яна лічыць гэтае рашэнне „незаконным і неабгрунтаваным”. Як паведаміла прэс-служба БХД, у скарзе Каржанеўская адзначае, што „першае папярэджанне ёй вынеслі 2 лютага за размяшчэнне плаката без выхадных звестак”. „Але выраб друкарскім салонам плаката быў аплачаны за кошт сродкаў выбарчага фонду, а яго ўзор быў яшчэ 28 студзеня перададзены ў Фрунзенскую раённую камісію. Да 1 лютага да плаката ніякіх прэтэнзій з боку камісіі не паступала”, — гаворыцца ў паведамленні. Другое папярэджанне было вынесенае за распаўсюджанне газеты „Народная воля”. Актывістка пры гэтым заявіла, што „асабіста ніякай друкаванай прадукцыі не распаўсюджвала, а спасылкі камісіі на розныя сайты незаконныя, бо яны не з’яўляюцца яе персанальнымі”. „Таксама ў сваім рашэнні камісія спасылаецца на нейкую ананімную заява”, — адзначыла яна. Мясцовыя выбары адбудуцца ў Беларусі 18 лютага. З 13 лютага праходзіць датэрміновае галасаванне. БелаПАН