Актывісткі „Матчынага руху 328” перадалі ў Палату прадстаўнікоў зварот



Актывісткі ініцыятывы „Матчын рух 328” перадалі 2 кастрычніка ў Палату прадстаўнікоў калектыўны зварот з просьбай змякчыць антынаркатычнае заканадаўства. Пра гэта БелаПАН паведаміла актывістка ініцыятывы Таццяна Канеўская.

Каля поўдня больш за дзясятак актывістак руху прыйшлі да будынка парламента. Некалькім з іх удалося патрапіць унутр, каб перадаць зварот і паспрабаваць пагаварыць пра праблему арт. 328 Крымінальнага кодэкса з кім-небудзь з дэпутатаў.

„Мы просім дэпутатаў звярнуць пільную ўвагу на прапановы [па лібералізацыі антынаркатычнага заканадаўства], распрацаваныя аргкамітэтам па стварэнні грамадскай арганізацыі „Наша права”, — сказала Канеўская. — Нам вельмі хацелася б даведацца, на які канкрэтна дзень прызначаны разгляд пытання па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса. Мы хочам таксама даведацца, якім чынам пасля прыняцця зменаў закона ён будзе адбівацца на ўжо асуджаных. Наколькі мы разумеем, законапраект будзе прыняты, але да нашых дзяцей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, ён наўрад ці будзе прымяняцца”.

Паводле яе слоў, пад зваротам свае электронныя подпісы паставілі каля 500 чалавек.

27 красавіка маці асуджаных па арт. 328 КК абвясцілі бестэрміновую галадоўку, патрабуючы змякчэння пакарання для сваіх дзяцей, асуджаных па гэтым артыкуле. Дзве групы жанчын галадалі ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці і Калінкавічах Гомельскай вобласці. Першапачаткова ў акцыі пратэсту ўдзельнічала 14 чалавек, затым некаторыя сталі выходзіць з галадоўкі па стане здароўя.

11 мая ў Палату прадстаўнікоў паступіў праект закона „Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае карэкціроўку пяці „антынаркатычных” артыкулаў КК. Згодна з законапраектам, у новай рэдакцыі арт. 328 зніжаны мінімальныя тэрміны пакарання для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў, а канфіскацыя маёмасці заменена на штраф.

У той жа дзень, калі законапраект паступіў у парламент, актывісткі „Матчынага руху 328” абвясцілі аб спыненні галадоўкі па стане здароўя. Іх ініцыятыву падхапілі паплечніцы з Ліды і Магілёва, аднак неўзабаве і яны спынілі галадаць.

belapan.by