Актывісткі „Матчынага руху 328”: Супраць нас пачынаецца „халодная вайна”
У дачыненні да актывістак „Матчынага руху 328” разгортваецца „халодная вайна”, грамадскую думку імкнуцца павярнуць супраць іх, заявіла БелаПАН адна з удзельніц бестэрміновай галадоўкі Таццяна Канеўская.
У Пухавічах (Менская вобласць) і Калінкавічах (Гомельская вобласць) дзявятыя суткі працягваецца бестэрміновая галадоўка актывістаў ініцыятывы „Матчын рух 328”, якія патрабуюць змякчэння пакарання па 328-м „наркатычным” артыкуле КК. У Калінкавічах галадае шэсць чалавек, пад Менскам у галадоўцы ўдзельнічаюць сем актывістаў.
Яны працягваюць чакаць адказу ад уладаў на свае патрабаванні. „Але мы таксама бачым, што цяпер супраць нас разгортваецца „халодная вайна”, таму што падключыліся дзяржаўныя СМІ і яны імкнуцца павярнуць грамадскую думку супраць нас, зрабіць нас нібыта мамамі наркадылераў, падаць, што нашы дзеці наркаманы, якія гандлююць смерцю. Пры гэтым ніхто, вядома, не ўнікае ў справы кожнага з нас”, — адзначыла Канеўская, якая галадае ў Калінкавічах.
„Гэта, вядома, вельмі засмучае, і мы стараемся таксама супрацьстаяць гэтай „халоднай вайне”, працягнула актывістка. — Мы цяпер таксама будзем пісаць звароты як у Вярхоўны суд, так і ў Генпракуратуру. Гэта значыць спрабуем неяк парыраваць усёй гэтай махіне, якая чамусьці павярнулася ад нас у адваротны бок, замест таго каб усё ж такі нейкім чынам змяніць сітуацыю. Мы разумеем, што цяжка цяпер гэта кола павярнуць, яны нарабілі памылак і не ведаюць, як іх выправіць. Але наш дух не зломлены — гэта адназначна, мы будзем ісці да пераможнага канца”.
Разам з тым стан здароўя паступова пагаршаецца. „Слабасць, вядома, адчуваецца, усё-такі дзевяць дзён не прымаем ніякай ежы, акрамя вады. Цяпер мы дадаем у ваду трошачкі мёду па рэкамендацыі ўрачоў. Учора да нас прыязджала хуткая дапамога. Наша самая старэйшая з удзельніц галадоўкі 66-гадовая Людміла Пімяноўская была вымушана з’ехаць дадому з-за праблем са здароўем у яе і мужа. Яна пазней трохі адышла, але вельмі дрэнна са здароўем у мужа”, — расказала Таццяна Канеўская.
Яшчэ адна актывістка „Матчынага руху 328” — Ларыса Жыгар, якая галадае ў Пухавіцкім раёне, паведаміла БелаПАН, што зранку 5 мая ўдзельнікаў галадоўкі наведвалі медыкі, якія зрабілі забор крыві на агульны аналіз і вымяралі ціск. „Збоі з ціскам і са здароўем, вядома, у нас ужо ёсць: і галавакружэнне, і млоснасць ужо шмат у каго з’явілася”, — адзначыла Жыгар.
Яна падзякавала ўсім неабыякавым за падтрымку. „Стараемся трымацца аптымістамі, нас усё ж многія падтрымліваюць, і гэта надае сілы, нягледзячы на тое што яны, вядома, сыходзяць. Але падтрымка для нас вельмі важная”, — падкрэсліла актывістка.
„Пакуль мы не збіраемся пазіцыі здаваць, і нікуды мы не адступаем. Мы па-ранейшаму ўпэўненыя, што пачуць нас павінны”, — падсумавала Ларыса Жыгар.
Бестэрміновая галадоўка актывістак „Матчынага руху 328” пачалася 27 красавіка з мэтай прыцягнуць увагу ўладаў да неабходнасці змякчэння пакарання па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Удзельнікі акцыі патрабуюць таксама стварыць камісію па пераглядзе адпаведных крымінальных спраў пачынаючы з 2013 года і ўнесці змены ў заканадаўства, у тым ліку для больш шырокага прымянення амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызвалення да асуджаных па „наркатычным” артыкуле.
2 траўня ў Адміністрацыі прэзідэнта адбылася сустрэча ўдзельнікаў акцыі з чыноўнікамі. Аднак пасля яе жанчыны адмовіліся спыніць галадоўку, „пакуль не будуць зроблены канкрэтныя захады для карэкціроўкі заканадаўства”.
На 4 траўня жанчын запрасілі на прыём да генпракурора Аляксандра Канюка. Гэтай сустрэчы яны дамагаліся паўгода, але напярэдадні, 3 мая, удзельніцам галадоўкі паведамілі, што Канюк „тэрмінова едзе ў камандзіроўку” і сустрэча пераносіцца. На які тэрмін — пакуль невядома.
4 траўня ў інтэрв’ю газеце „Советская Белоруссия” начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч паведаміў, што Наталля Качанава даручыла „актывізаваць працу па ўзгадненні законапраекта, які змяшчае змены і дапаўненні ў антынаркатычнае заканадаўства”. Паводле яго слоў, дакумент будзе „максімальна аператыўна, наколькі гэта магчыма, прадстаўлены на разгляд парламентарыяў”.
belapan.by