Актывісткі „Матчынага руху” перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот



7 траўня актывісткі ініцыятывы „Матчын рух 328” перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта калектыўны зварот з патрабаваннем адрэагаваць на сітуацыю вакол бестэрміновай галадоўкі маці асуджаных на падставе артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.

Зварот, які падпісалі 30 чалавек, адрасаваны кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай. У ім нагадваецца, што 27 красавіка 14 жанчын з ініцыятывы „Матчын рух 328” абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў Калінкавічах (Гомельская вобласць) і Пухавіцкім раёне (Мінская вобласць). Галадоўка працягваецца 11-я суткі. Яе прычынай сталі „кілаграмы адпісак на звароты і наглядныя скаргі”.

Асноўнымі патрабаваннямі галадоўнікаў з’яўляецца сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, стварэнне камісіі па пераглядзе крымінальных спраў асуджаных згодна з усімі часткамі арт. 328, а таксама змена антынаркатычнага заканадаўства.

„Маці пайшлі на апошнія меры не дзеля членашкодніцтва і не дзеля піяру якой бы ні было партыі ці руху. Яны далёкія ад палітыкі, але абсалютна дакладна ўсім ім блізкія такія паняцці, як праўда і справядлівасць”, — падкрэсліваецца ў звароце.

„Хацелася б ведаць, калі будуць задаволеныя патрабаванні галадоўнікаў. Як можна спакойна спаць, есці і ўвогуле жыць, калі ў нашай краіне маці галадаюць. У выпадку калі ўлады не будуць рэагаваць на галадоўку і па-ранейшаму не будуць чуць і бачыць тых, хто да іх звяртаецца, да рэгіёнаў, якія абвясцілі галадоўку, паступова будуць далучацца новыя”, — гаворыцца ў звароце.

2 траўня адбылася сустрэча удзельніц галадоўкі з Наталляй Качанавай. Пасля гэтага кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта даручыла „актывізаваць працу па ўзгадненні законапраекта, які ўтрымлівае змяненні і дапаўненні ў антынаркатычнае заканадаўства”, паведаміў у інтэрв`ю газеце „Советская Белоруссия” начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Аляксандр Ільясевіч.

6 траўня ў тэлефоннай размове з удзельніцай галадоўкі Ларысай Жыгар старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля Гуйвік паведаміла, што законапраект аб зменах у антынаркатычнае заканадаўства можа паступіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў ужо на гэтай сесіі, якая доўжыцца да 29 чэрвеня.

belapan.by