Актывістку абвінавачваюць у правядзенні пікету ля Адміністрацыі прэзідэнта



Супраць грамадскай актывісткі з Бабруйску Валянціны Каваленкі складзены пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне, па частцы 3 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ёй пагражае штраф да 50 базавых велічынь ці нават адміністрацыйны арышт. Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РУУС Менску абвінавацілі яе ў правядзенні пікетавання каля Адміністрацыі прэзідэнта па вуліцы Карла Маркса, 38. Але па меркаванні юрыста і праваабаронцы Тамары Сяргей,  пікетам дзеянні Валянціны Каваленкі назваць нельга. Яна прыйшла ў Адміністрацыю прэзідэнта на асабісты прыём:

– Яна асмелілася каля прыёмнай прэзідэнта Рэспублікі Беларусь публічна звярнуцца да яго. Бо ў гэты дзень падчас асабістага прыёму яе не прыняў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Максім Рыжанкоў. І вось жанчына вырашыла публічна звярнуцца да кіраўніка дзяржавы, напісаўшы плакат: “Пры падтрымцы Адміністрацыі прэзідэнта ў краіне міліцэйскі праізвол”.

Валянціна Каваленка змагаецца за правы свайго, па яе меркаванні, незаконна асуджанага сына. Але да кіраўніка дзяржавы звярнуцца немагчыма. Ён не вядзе асабісты прыём. А кіраўніцтва Адміністрацыі фактычна не разглядае зваротаў грамадзянаў, як таго патрабуе закон, а перасылае іх у інстанцыі, на якія грамадзяне і скардзяцца. Па словах Тамары Сяргей, за апошнія гады сябры з ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры накіравалі кіраўніку дзяржавы 45 калектыўных зваротаў. Сваёй мэты ні адзін з іх не дасягнуў. Таму іншага спосабу, чым звярнуцца да кіраўніка дзяржавы наўпрост, публічна, у грамадзянаў нашай краіны няма, – лічыць Тамара Сяргей.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск