Актывістку Femen адпусцілі на волю пад абавязацельства аб яўцы



Актывістка Femen Анжаліна Дыяш да Кінташ, якая агаліла грудзі з надпісам „Жыве Беларусь!” і выкрыквалі лозунгі „Жыве Беларусь!” і „Стоп, дыктатура!” на брыфінгу Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі 21 ліпеня ў Кіеве, адпушчаная на волю пад абавязацельства аб яўцы. Рашэнне прыняў Пячэрскі раённы суд украінскай сталіцы.

Тэрмін дзеяння рашэння суда 60 сутак, да 21 верасня. Дзяўчына павінна здаць замежны пашпарт.

Паводле слоў пракурора, відэаінтэрв’ю з якім апублікаваў ўкраінскі партал „Цензор.net”, Дыяш „абвешчанае падазрэнне” на падставе артыкула 296 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), частка 3 (дзеянні, звязаныя з супраціўленнем прадстаўніку ўлады або грамадскасці, які выконвае абавязкі па ахове грамадскага парадку, ці іншым грамадзянам, што спынялі хуліганскія дзеянні). Актывістцы пагражае ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пракурор выказаў задавальненне рашэннем суда, адзначыўшы, што следства па справе працягваецца.

Дзяўчына трапіла на брыфінг у Адміністрацыю прэзідэнта Украіны на падставе падробленага пасведчання карэспандэнта мясцовых выданняў „Деловая столица” і „Власть денег”. Па факце выкарыстання фальшывага пасведчання група „Картэль”, якой належаць гэтыя СМІ, звярнулася ў Нацыянальную паліцыю.

Рух Femen, каментуючы дзеянні сваёй актывісткі, заявіў, што „такім чынам яна выказала сваё стаўленне да візіту беларускага дыктатара ва Украіну”. „Сотні ўкраінцаў загінулі і працягваюць гінуць за дэмакратыю і свабоду Украіны, але сёння на афіцыйным узроўні ў нашай краіне прымаюць чалавека, які ў сваёй краіне забівае, выкрадае людзей і душыць усялякае іншадумства”, — адзначаецца ў каментары.

Паводле БелаПАН