Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк выклікаюць у камісію па справах непаўнагадовых (абноўлена)



Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла, чаму яе выклікаюць на паседжанне камісіі па справах непаўнагадовых.

Акрамя таго актывістка і экс-кандыдат у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання запэўнівае пра ціск з боку кіраўніцтва школы, дзе навучаецца ейны сын. У той школе, кажа яна, і даведалася пра тое што трэба ісці на паседжанне згаданай камісіі:

– Я адмовілася, пасля чаго яна пачала мне намякаць, што гэта будзе мець наступствы, што вам лепш пайсці. А калі вы не пойдзеце, гэта яна ўжо праз настаўніцу перадала, то будзе выклікацца міліцыя, пратакол. Гэта справа даўно вядомага ў нас у Берасці карацеля Самасюка, які напісаў у аддзел адукацыі пра тое, што я была затрыманая на мітынгу разам з дзіцёнкам. Затрымалі нас на Маршы справядлівасці 6 верасня, калі мы мірна ішлі. І на нас напалі гэтыя бандыты з дубінкамі, са шчытамі, адсеклі ад людзей, пачалі браць, душыць.

Згаданы Мікалай Самасюк — з’яўляецца намеснікам начальніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Берасця і начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі.

На фота: Мікалай Самасюк, spring96.org

Па словах праваабаронцаў — удзельнік рэпрэсіяў супраць грамадска-палітычных актывістаў і недзяржаўных журналістаў горада Берасця.

* * * 

Берасцейскія праваабаронцы пракаментавалі сітуацыю вакол Паліны Шарэнды-Панасюк. Сваё слова, як рэакцыю на інфармацыю пра выклік актывісткі ў камісію па справах непаўнагадовых, сказаў прадстаўнік «Берасцейскай «Вясны», праваабронца Уладзімір Вялічкін:

– Практыка таго, што на актывістаў і ўвогуле на неабыякавых грамадзян, якія маюць грамадзянскую пазіцыю і яе дэманструюць і адстойваюць, нашыя праваахоўныя органы і не толькі – дзяржава, уладныя структуры пачынаюць уздзейнічаць праз дзяцей, палохаюць тым, што забяруць дзяцей, бо вы не правільна іх выхоўваеце. Для чаго быў адмысловы ўказ прыняты. І тая сітуацыя з Палінай і не толькі з ёй – гэта практыка накатаная. Яна чарговы раз дае людзям зразумець, што дзяржава не дзейнічае ў інтарэсах  дзяцей.

«Калі нас запрашаюць папрысутнічаць падчас гутарак з бацькамі, альбо візітаў у хату — мы рэагуем з задавальненнем. Таму што наяўнасць неабыякавых на такіх камісіях, праваабаронцаў, журналістаў прымушае «правяраючых» трымацца рэчаіснасці», – падсумаваў Уладзімір Вялічкін.

* * * 

Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў берасцейскі грамадскі актывіст Уладзімір Казлоўскі. Акрамя гэтага, у допісе паведамляецца пра «пагрозы выкліку міліцыі і складання пратакола ў выпадку неяўкі ў камісію», якія нібыта паступілі ад дырэктара сярэдняй школы №11 горада Берасця. У гэтай школе вучыцца старэйшы сын Паліны Шарэнды-Панасюк.

Дырэктарка згаданай школы Людміла Кудзей, у сваю чаргу так пракаментавала гэтую інфармацыю:

– Я ёй нічым не пагражала, я хацела пагаварыць пра дзяцей, якія вучацца ў нас у школе. І ўсё. Яна не паважае маю грамадзянскую пазіцыю. Я сказала, што я паважаю вашу грамадзянскую пазіцыю і хачу пагаварыць з вамі пра вашых дзяцей. Яна на заўтра запрошана на камісію па справах непаўнагадовых. І яна адмовілася туды прыходзіць.

Пра прычыны выкліку ў камісію па справах непаўнагадовых ні дырэктар школы, ні Уладзімір Казлоўскі не ўдакладнілі. Паседжанне, па інфармацыі актывіста, адбудзецца 1 кастрычніка па адрасе: горад Берасце, вуліца Маскоўская, дом 273, кабінет 54. Пачатак а 12-й.

***

Паліна Шарэнда-Панасюк — экс-кандыдат у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Берасцейскай-Заходняй выбарчай акрузе №1. Пасля ейнага выступу на дзяржаўным тэлебачанні, актывістку пазбавілі пасведчання кандыдата. Зараз муж Паліны Шарэнды-Панасюк — Андрэй Шарэнда, адбывае адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях пратэста супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Муж і жонка з’‎яўляюцца актывістамі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Праваабаронцы лічаць падобныя дзеянні дзяржорганаў палітычна матываваным ціскам.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце