Актывісту МФ „шыюць” распаўсюд парнаграфіі



Салігорская міліцыя прад’явіла афіцыйнае абвінавачанне ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў мясцоваму маладафронтаўцу Андрэю Тычыне.

Як паведаміў актывіст „Маладога Фронту” Аляксей Валабуеў, падчас ператрусу ў кватэрах маладафронтаўцаў пасля з’яўлення ў горадзе палітычных графіці, на старонцы актывіста „УКантакце” ў жартоўных відэароліках эксперты ўбачылі элементы парнаграфіі:

– Апошнія месяцы ў Салігорску пачала праяўляцца моладзевая актыўнасць, пафарбавалі ў бел-чырвона-белы колер знак на ўездзе ў горад, улёткі ды іншае. Вялася праверка, ладзілі вобшук у яго ў межах гэтай праверкі і ў Івана Шылы дома. Справу насамрэч у выніку яны завялі, бо знайшлі ў Андруся на старонцы „УКантакце” ролікі нібыты з элементамі парнаграфіі.

Перш чым судзіць Андрэя Тычыну следчыя хочуць дапытаць іншага актывіста – Івана Шылу, аднак той знаходзіцца за мяжой. На думку Андрэя, такімі абсурднымі абвінавачаннямі ў распаўсюдзе парнаграфіі ўлады хочуць яму адпомсціць за апошнія палітычныя акцыі. Ён лічыць, што міліцыя хоча запалохаць моладзь і прымусіць яе замаўчаць перад прэзідэнцкімі выбарамі.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя