Актывісту пагражаюць крыміналкай за пікет
Грамадскаму актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку прыйшло папярэджанне з Лідскага РАУС пра недапушчэнне парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Раней актывіст падаваў заяўку ў Бярозаўскі гарадскі выканкам на правядзенне адзіночнага пікета на тэму пагаршэння экалогіі пасля запуску ў цэнтры горада цэха па выторчасці шклаваты.
Вітольд Ашурак не разумее, якое дачыненне заяўка на правядзенне пікета мае да артыкула Крымінальнага кодэкса:
– Гэта мяне натхніла напісаць начальніку Лідскага РАУС, каб ён мне патлумачыў, якое дачыненне мае адзіночны пікет вось да гэтага тэрарыстычнага артыкула. Зразумела, што гэта нешта накшталт запалохвання, але факт застаецца фактам, такая грубая праца міліцыі проста здзіўляе. Не маглі прыдумаць нешта больш экзатычнае, чым тэрарыстычны артыкул.
Акрамя скаргі кіраўніцтву раённай міліцыі актывіст даслаў ліст і ў пракуратуру Лідскага раёна, каб разабрацца, чаму на заяўку ў орган выканаўчай улады адказ прыходзіць з міліцыі і ў выглядзе афіцыйнага папярэджання.
Нагадаем, што Вітольд Ашурак ужо ладзіў ў Бярозаўцы пікет і экалагічны флэш-моб, за што прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя