Актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку прысудзілі 5 гадоў (абноўлена)
Грамадскаму актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму па артыкулах 342 ч.1 (Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) Крымінальнага кодэксу РБ.
Грамадскія актывісты, што прыехалі ў Ліду падтрымаць свайго сябра і калегу Вітольда Ашурку са здзіўленнем сустрэлі агалашэнне прысуду – 5 год агульнага рэжыму.
Сваё ўражанне кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Зміцер Салошкін:
– Відавочна, што тут не да правасуддзя, ні да нейкай юрыспрудэнцыі не мае дачыненне гэтая справа. Гэта проста акт запалохвання. І ў прынцыпе проста паказальна, што не кіруюцца ні суддзя, ні органа дазнання ні якімі юрыдычнымі нормамі. І проста паказана ўсім, што можам зрабіць усё што хочам і з кім хочам і тэрмін будзе любы жорсткі.
Журналістка і грамадская дзяячка Вольга Быкоўская лічыць гэты прысуд асабістай помстай грамадскаму актывісту.
– Прысуд абсалютна абуральны. Ён абсалютна палітычна матываваны. Я лічу, што Вітольду Ашурку трэба выдаць медаль, за тое, што праходзіла ў Лідзе і як, а не даваць яму нейкія прысуды і караць яго за нейкія незразумелыя артыкулы. Абсалютна я ўпэўнена, што ён ні ў чым не вінаваты, у тым, што яго абвінавачвалі, і ён сапраўдны герой, сапраўдны беларус, рэальны чалавек, на якім можна вучыцца, як сябе паводзіць, як рабіць. І спадзяюся, што яму не давядзецца сядзець увесь тэрмін, таму што перамога павінна быць раней.
Суддзя Лідскага суда Максім Філатаў прызнаў яго вінаватым у арганізацыі масавых пратэстаў у Лідзе 9 жніўня і ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі:
– Ашурку Вітольду Міхайлавічу канчаткова вызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў з адбываннем у выпраўленчай калонні ва ўмовах агульнага рэжыму. Вам, Вітольд Міхайлавіч, прысуд зразумелы?
Вітольд Ашурак: Зразумелы!
Брат асуджанага, Андрэй Ашурак, расказвае, што падчас абвяшчэння прысуду Вітольд трымаўся годна і быў прыемна ўражаны колькасцю людзей, якія прыйшлі яго падтрымаць. Ён мяркуе, што Вітольд не дабудзе свой тэрмін да канца і выйдзе на волю раней, як і ўсе астатнія палітычныя зняволеныя:
– Сам працэс быў закрыты. Калі чалавек вінаваты, зрабіце яго адкрытым! Пакажыце, дакажыце, разлажыце ўсё па палічках, што вось чалавек вінаваты. А так мы проста ў шоку. Гэта не суд, гэта – судзілішча! Сумленнага чалавека проста пасадзілі ў турму. Трымаўся ён годна. Яму было прыемна, што столькі людзей прыйшло.
Прысуд, як абвясцілі Вітольду Ашурку, на сённяшні дзень адзін з самых жорсткіх, якія былі вынесеныя ў Беларусі па выніках падзей лета-восені мінулага года.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Падтрымаць актывіста на агалошванне прысуду завіталі грамадскія актывісты з Менску й Гародні.
Кажа кіраўнік Руху за Свабоду Юры Губарэвіч:
– Гэта прававое бязмежжа, відавочная помста найбольш актыўным людзям з рэгіёнаў. Вітольда Ашурка я ведаю вельмі даўно, ён не мог быць удзельнікам таго, што яму выстаўляюць. Вельмі мала ўвогуле інфармацыі па справе. То бок, завочны суд без прысутнасці людзей, якія маглі б разабрацца ў гэтай справе. Відавочна, што гэта помста самым актыўным і спроба запалохвання. Гледзячы па тым, колькі людзей сабралася падтрымаць, я думаю, што гэта працаваць не будзе, і ў хуткім часе мы пабачым Вітольда на свабодзе.
На думку кіраўніка Партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзіма Саранчукова, гэты прысуд вельмі дзіўны:
– Абсалютна маразматычнае рашэнне. Пачынаючы ад пакарання, якое накладзена, і якое не адпавядае ніякім разумным абгрунтаванням. Так і прыватнае вызначэнне, якое вынес суддзя. Абвесціць удзячнасць за праяўлены гераізм супрацоўнікам Лідскага РАУСа – гэта проста не ўкладваецца ў галаве! Я пакуль у шоку.
На абвяшчэнне прысуду над Вітольдам Ашуркам прыйшло каля 50 чалавек з розных грамадскіх арганізацый й палітычных партый, а таксама сябры і родныя Вітольда Ашурка.
* * *
Сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка асудзілі на 5 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Ашурка прызналі вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: “Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” і “Гвалт у дачыненні да міліцыянта”. Суд над Ашуркам быў ад пачатку закрыты, хоць падтрымаць яго прыходзілі дзясяткі чалавек. Справу разглядаў суддзя Максім Філатаў.
Перадае наш карэспандэнт Андрэй Панямонаў:
– У судзе Лідскага раёна закончыўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да грамадскага актывіста Вітольда Ашурка з Бярозкаўкі. Суддзя Максім Філатаў прысудзіў Вітольду ў суме па двум крымінальным артыкулам, па каторым ён абвінавачваўся, гэта 342 артыкул (арганізацыя масавых мерапрыемстваў, якія парушаюць парадак) і 364 артыкул (гвалт, альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі). Агулам па двум артыкулам Вітольду прысудзілі 5 гадоў агульнага рэжыму, а таксама 1000 рублёў кампенсацыі міліцыянту, які нібыта пацярпеў. На прысудзе сабралася вельмі шмат людзей, каб падтрымаць актывіста, можа з паўсотні: з Гародні, з Менску, з Ліды, з Бярозаўкі. Зачытванне прысуду было ў адкрытым рэжыме, хаця ўсе папярэднія пасяджэнні былі ў закрытым рэжыме. Людзі ўспрынялі вынясенне прысуду воклічамі „Жыве Беларусь!” і „Ганьба судовай сістэме!”.
Вітольда Ашурка затрымалі спачатку 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасня, асудзілі на 30 дзён арышту за ўдзел у 8 мітынгах. 13 кастрычніка ён сустрэў за кратамі сваё 50-годдзе. 19 кастрычніка, адбыўшы арышт у лідскім ЦІП, Вітольд на волю не выйшаў, а быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама Вітольда вінавацяць у гвалце ў дачыненні да міліцыянта (арт. 364 Крымінальнага кодэксу) падчас пратэстаў 9 жніўня. З гэтай прычыны Вітольда Ашурка афіцыйна не прызналі палітзняволеным.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча