Актывісты АГП хочуць суцішыць матацыклістаў



Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гародні збіраюць подпісы, а таксама стварылі электронную петыцыю, каб суцішыць байкераў, якія гучна ездзяць па ваколіцах спальных раёнаў.

Распавядае грамадскі актывіст Аляксандр Лаўрэнц’еў:

– Кожны год, як толькі адкрываецца байк-сезон, мы не можам спаць – Альшанка адназначна. Мой дом знаходзіцца ад дарогі даволі далёка – метраў 300-400, праз якую праходзіць лес і г. д. Я вельмі добра чую, я не магу заснуць. Мы вырашылі петыцыяй паспрабаваць пазмагацца з дадзенымі кіроўцамі матацыклаў, каб улады прынялі меры, каб яны не ездзілі пасля адзінаццаці, або ездзілі за горадам.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Мікола Салянік, які лечыцца ў кардыядыспансэры, кажа, што пастаянны шум матацыклаў па начах не дае спаць не толькі яму, але таксама іншым хворым:

– Мы людзі, якія перанеслі аперацыю, адныя больш складаную, другія менш складаную, трэція чакаюць гэтага. Вы бачыце якое надвор’е за вокнамі, мы вымушаныя спаць з адчыненымі вокнамі. Яны носяцца з такім гукам, што нармальны чалавек не можа заснуць.

Мікола Салянік ужо звяртаўся з прапановай суцішыць матацыклістаў ва ўпраўленне ДАІ, да гарадскіх і абласных дэпутатаў, таму таксама спадзяецца атрымаць адказ ад Мечыслава Гоя.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня